Навігатар. Там, дзе гісторыя гучала...

17 Августа 2018 2310

НавігаторСпякота... Даўно такога не было. Паліць так, што на «юга» не трэба ехаць і, не баючыся, можна адправіцца ў якоесьці падарожжа хоць пешшу. Нават калі раптам на галаву пральецца дождж, ад яго толькі лягчэй стане. І то ненадоўга, бо сёлетні дождж – цёплы, быццам ён не з хмары льецца, а з лейкі душавой кабіны. Праўда, нават такога «душа» дзень, у які мы з Юрыем сабраліся ў наступную паездку па мясцінах вакол Бярозаўкі, нам не прапанаваў. Змокнуць прыйшлося не ад прыроднай вільгаці, а ад сямі патоў, якія сагнала з нас гарачыня. Круціць педалі ў такую спёку – гэта вам не жарты. Але нічога, загар лепш прыстане. Ва ўсім трэба шукаць станоўчыя моманты, інакш жыццё здасца суцэльнай праблемай. А яно дадзена, каб радавацца. І мы абавязкова знойдзем чаму.

Напрасткі рукой падаць, а дабіраліся гадзіну...

На гэты раз накіроўваемся ў Сялец. Таму што дзесьці там знаходіцца даўгачасная агнявая кропка, якая добра захавалася. Каб былі крылы, яны ў адзін момант перанеслі б нас праз Нёман з Бярозаўкі ў Сялец. Аднак мы не птушкі, а таму накіроўваемся спачатку ў Агароднікі. На гэты раз павярнуць трэба налева. Далей – праз поле с каласамі, камбайнамі і шэрымі чаплямі. Некалі гэтых птушак было не ўбачыць, а цяпер амаль з-пад ног узмываюць у паветра. Спалохацца можна. Хутка мы трапляем на жвіроўку, па ёй, часам апыняючыся ў клубах пылу ад праязджаючых міма машын, дабіраемся да чыгункі, ля яе зноў налева, і... Штосьці мне гэтая дарога нагадвае...

У Сяльцы мне, вядома ж, бываць прыходзілася, але не магу сказаць, што ведаю кожную сцежку, бо не ведаю. А тут, здаецца, не першы раз праязджаю. Так, не першы! І нават не другі. Па гэтай дарожцы, якая вядзе з узгорачка ўніз да Нёмана, мы не раз ездзілі на раённыя турыстычныя злёты. Іх забыць немагчыма, гэта, можна сказаць, адзін э этапаў жыцця. Мясціны крыху змяніліся: навокал шмат зараснікаў, на дарозе – трава. Мабыць, па ёй цяпер нячаста ездзяць. Затое якія буйныя тут слівы, яблыні і алыча! І ўсё гэта – нічыё. Вядома, калісьці ў іх быў гаспадар, а цяпер кожны мінак можа браць, колькі захоча. Мы таксамі бралі. Смачна!

– Гэта дзесьці тут, – разглядвае Юрый краявіды навокал. – Раней адразу было відаць, цяпер зарасло...

Дык вось жа яны, бетонныя сцены! Ні з чым не зблытаеш. Гэта вядомае ў нашых месцах збудаванне Першай сусветнай вайны. Аб яго існаванні многія маюць уяўленне. Мы выбралі «лёгкі» шлях не з-за вядомасці, а как пабачыць, што там унутры.

IMG 1653 копия

Па праўдзе кажучы, мне здавалася, што там павінна быць нашмат прасторней. Звонку гэта такое немаленькае збудаванне, а ўнутры хіба што пару чалавек памесціцца. Хадзіць можна, сагнуўшыся «ў тры пагібелі». Хіба людзі ў тыя часы былі меншыя? Зразумела, што не для шпацыру будавалі ваенныя аб'екты, але ж як вытрымаць....

Затое ўдалося добра разгле-дзець, як там усё ўладкавана, і зразумець, чаму час амаль не бярэ такія збудаванні. Аказваецца, мала таго што сцены таўшчынёй у метр, дык і дах усланы нейкім тоўстым (з палец таўшчынёй) хвалістым металам, які за столькі год яшчэ не з'ела ржа. Але пачала, на жаль.

Дарэчы, як распавёў адзін чалавек, лінія даўгачасных агнявых кропак складалася не толькі з іх саміх – іх злучала між сабою траншэя (акоп), дзе знаходзіліся салдаты. Так што кулямётчык быў не адзін у полі воін. І, кажуць, існавалі нават падземныя хады. Знайсці б хоць адзін...

Загінулым пакланіцца і жывой вадзіцы напіцца

Вяртаемся назад. Робім прыпынак на лясной дарозе. На ўзбочыне бачым... помнік. На ім напісана, што тут пахавана сям’я Раманоўскіх: Марк Барысавіч, Людміла Осіпаўна і тры іх дачкі – Яўгенія, Леаніда і Людміла. Яны загінулі ў 1944 годзе. Няхай спачываюць з мірам. Бачна, што за помнікам даглядаюць, ён не забыты.

Далей наш шлях ляжыць у вёску Ганцавічы. Вось тут мне бываць не прыходзілася. Затое ў аднайменным горадзе Брэсцкай вобласці была. Не, нашыя Ганцавічы прыгажэй! Вёска на самым беразе Нёмана. І ў ёй – жывуць! Летам, вядома, жывуць многа гарадскіх, якія прыязджаюць у бацькоўскія дамы. Адпачываць тут – мілая справа. Хочаш – загарай, хочаш – агародніну і садавіну збірай. Не хочаш – ідзі купацца ў Нёман, рыбу лавіць або ваду з крыніцы піць. Дзеля яе, крыніцы, мы сюды і завіталі. Вось яна. Мясцовыя людзі ўладкавалі крыніцу ў калодзежнае кольца, каб не трапляла туды брудная вада, павесілі шклянку, зробленую з пластыкавай бутэлькі, каб кожны падарожнік мог прагнаць смагу. Мы таксама зрабілі гэта. Вада бывае такая смачная! Кажуць, мясцовыя жыхары толькі яе і ўжываюць.

І буслы! Іх тут так шмат! Я ведала, што буслы клякочуць, але каб вось так, побач ды гучна, не чула. Здаецца, што тут у кожнага бусла па ўласным коміне. Амаль на кожным доме па гэтай пташцы. Сядзяць на комінах і дахах і аглядаюць, хто прыйшоў. Гаспадары.

І зноў я зайздрошчу птахам... Да Бярозаўкі нам трэба вяртацца праз Агароднікі. А яна – вунь, за Нёманам. Нават відаць, як на другім баку адпачываюць беразаўчане. Але калі глянуць яшчэ з аднаго боку – усё, што проста, не вельмі цікава. Таму – паехалі! І да новых падарожжаў...

IMG 1685

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться