Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: у Лідзе ўзрасло буйным коласам зерне Скарыны

02 Мая 2017 3302

Бягучы 2017 год у культурным жыцці праходзіць пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Менавіта 500 гадоў назад, а дакладней – 6 жніўня 1517 года, у Празе, адным з буйнейшых на той час цэнтраў кнігадрукавання, беларускім асветнікам, вучоным, гуманістам Францыскам Скарынам была выдадзена першая ва ўсходных славян друкаваная кніга – “Псалтыр” – на старажытнабеларускай мове. Яна стала першай з дваццаці трох выдадзеных Скарынам кніг Бібліі. Выданне гэтых друкаваных кніг Бібліі паспрыяла пашырэнню кнігадрукавання, ідэй гуманізму і асветніцтва ва Усходняй Еўропе.

Да 500-годдзя той знакавай падзеі была прымеркавана навуковая канферэнцыя “Пятыя лідскія чытанні”, якая адбылася днямі ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На мерапрыемства былі запрошаны работнікі бібліятэк і мясцовыя краязнаўцы. Падчас работы навуковай канферэнцыі ў канферэнц-зале бібліятэкі дзейнічала кніжная выстава “Узрасло буйным коласам зерне Скарыны”, прысвечаная гісторыі друкаванай кнігі на Беларусі.

Спачатку прысутным быў прадэманстраваны кароткаметражны відэафільм аб Францыску Скарыне. Затым з дакладамі выступалі ўдзельнікі канферэнцыі: краязнаўцы, настаўнікі гісторыі, бібліятэчныя і музейныя работнікі і іншыя.

Так, з асвятленнем жыцця і дзейнасці беларускага першадрукара ў школьных падручніках азнаёміла настаўнік гісторыі сярэдняй школы №17 Тарэза Капачэль; бібліяграфічны агляд кніг аб Францыску Скарыне правяла галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка; аб адным з паслядоўнікаў Скарыны, друкары Яне Карцане (які, магчыма, родам з Лідчыны), расказала настаўнік гісторыі Мінойтаўскай СШ Алена Мілевіч; праблему перакладу твораў старажытнабеларускай літаратуры на сучасную беларускую мову закрануў у сваім выступленні святар Свята-Георгіеўскага храма-помніка айцец Уладзімір Камінскі; па тэме “Царкоўныя кнігі Лідчыны XVIII стагоддзя” выступіў краязнавец Леанід Лаўрэш.

Краязнавец з аграгарадка Дворышча Віктар Кудла азнаёміў прысутных з некаторымі выдадзенымі ў канцы XIX стагоддзя кнігамі, якія захоўваюцца ў яго сям’і як рэліквія (продкі Віктара Іванавіча прывезлі гэтыя кнігі з глыбіні Расіі, куды трапілі як бежанцы ў час Першай сусветнай вайны), – гэта і Евангелле, у якім больш за 900 старонак, і “Беседы о земле и тварях, в ней живущих», і кніга па гісторыі развіцця сельскай гаспадаркі “Куль хлеба и его происхождение”, і кніга па медыцыне “Новое в естественном лечении”. Яшчэ з адной старой кнігай – паэмай Якуба Коласа “Сымон-музыка” 1928 года выдання – пазнаёміў краязнавец з вёскі Сялец Мікалай Дзікевіч (гэта была першая прачытаная Мікалаем Мікалаевічам кніга на беларускай мове, зараз яна захоўваецца ў літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея).

Агляд калекцыі друкаваных выданняў, якая захоўваецца ў фондах згаданага музея, правяла галоўны захавальнік фондаў музея Наталля Хацяновіч. З дзейнасцю ДАУПП “Лідская друкарня” азнаёміў прысутных яго дырэктар Мікалай Пякарскі, з дзейнасцю выдавецкага дома Лідскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” – паэт, журналіст, краязнавец Станіслаў Суднік. На мерапрыемства ў якасці дакладчыка быў запрошаны і госць са Слоніма – паэт, краязнавец Сяргей Чыгрын. Ён выступіў з дакладам па гісторыі кнігадрукавання на Слонімшчыне.

Тэксты ўсіх сваіх дакладаў выступоўцы аддалі раённай бібліятэцы. З гэтых тэкстаў работнікамі бібліятэкі пазней будзе складзены зборнік па тэме “500 год беларускаму кнігадрукаванню”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться