У карагодзе вышываных кветак

23 Июня 2016 2550

“Заміж персідскага узора цвяток радзімы васілька…” – радкамі знакамітага беларускага твора захацелася гаварыць, калі зайшла ў хату жыхаркі хутара Збляны Беліцкага сельсавета Рэгіны Лаўнік. Першае ўражанне – папала ў сапраўдны музей народных рамёстваў. У які пакой ні кінь позірк – усюды, на сценах, ложках, сталах, ткацкія шэдэўры і вышыванкі, створаныя фантазіяй і рукамі абаяльнай жанчыны. Ды і сама гаспадыня сустракаць госцю выйшла не ў простым хатнім адзенні, а ў прыгожым убранні, на якое тонкай ніццю ляглі вобразы родных мясцін.

– Ручнікі вышываліся на ўсе выпадкі жыцця: як для хрэсьбінаў, так і да пахавання, – расказвае гаспадыня. – Іх прэзентавалі як падарунак на вяселле, іншыя святы, ганаровым гасцям, сябрам. Дарэчы, надзяляліся яны і асаблівым сэнсам. Калісьці матуля казала, што само палатно – сімвал жыцця, а тонкія ніткі на ім – закліканая боская дапамога, абярэг. Мабыць, таму з асаблівым настроем садзілася за вышыванкі, падбірала яркую нітку, уяўляла, як і куды накіраваць кожны шывок. Дарэчы, выйшаўшы замуж, жанчыны нашых мясцін прыносілі ў свае будучыя хаты цэлы клуначак гэтых рэчаў. Чым больш іх дарылі на вяселле, тым багацейшай лічылася нявеста.

Па словах Рэгіны Сцяпанаўны, усе яе ўменні – заслуга бацькі, які быў знакамітым у сваёй мясцовасці ткачом. Менавіта ён стаў настаўнікам для дзяўчынкі. Вучыў нялёгкай справе сур’ёзна, не глядзеў, што дачка, і нават прымаў «экзамены». Затое якога майстра выгадаваў, адправіў у людзі, даў самае галоўнае – веды.

– Кожны ўзор адлюстроўвае перыяд майго жыццёвага шляху, – зазначае майстар. – У дзяцінстве гэта былі лёгкія, немудрагелістыя шыўкі, дзяўчынай любіла вышываць кветкі, цяпер, напрыканцы жыцця, ніткай магу “намаляваць” сур'ёзныя карціны. А колькі ручнікоў падарыла дзецям на вяселле, унукам, іншым людзям на памяць! Захоўваюцца ў мяне таксама і даўнейшыя рэчы. Ім гадоў, мабыць, пяцьдзясят, а то і болей будзе.

І тут гаспадыня дастала з шафы непрыкметны пакецік. У ім акуратна складзены не толькі рознакаляровыя маткі з ніткамі, але і паясы, якімі даўней на сяле ўпрыгожвалі адзенне і іконы.

uz2uz3

– Бачыце, які ён доўгі, – некалькі разоў аперазаўшы адзін з іх вакол сябе, зазначыла рукадзельніца. – Гэтую рэч ткала для мяне мая будучая свякроў, а я ўжо дапоўніла яго бубонамі.

– А вытканы ўзор таксама нешта сімвалізуе? – запытваюся ў жанчыны.

– Раней лічылася, што ён прынясе шчасце ў сям’ю, – адказвае мая суразмоўца. – Толькі, на жаль, не было такіх складаных узораў, якія можна ўбачыць сёння. Нашы майстры выводзілі на паясах тое, што бачылі вакол сябе. Гэта і кветкі (я іх так люблю), і зорачкі, і каласы, якія жалі ў полі. Людзі на сяле шмат працавалі, і фантазіраваць не было калі. Ткалі паясы напярэдядні святаў, як тыя ручнікі, дарылі адзін другому. З цягам часу традыцыя сышла на нішто. Можа, хто цяпер і памятае гэтую тэхніку, але не чула, каб у нашых мясцінах ткалі.

Немагчыма адвесці позірк ад немудрагелістых узораў на сукенцы, спадніцы, кафтаніку і фартуху Рэгіны Сцяпанаўны. На тканіне адзенняў знайшлося месца блакітным васількам і званочкам, чырвоным ружам і белым рамонкам. Было прыемна, што рукадзельніца старанна падрыхтавалася да нашага прыезду. Магчыма, выглядала яна і не модна, калі судзіць па сучасных мерках, але вельмі прыкметна і самабытна. Я адчувала гордасць, бо перада мной былі рэчы, зробленыя не машынамі на прадпрыемствах, а дзякуючы таленту і намаганням рук чалавечых. Дзякуй вам за гэта, Рэгіна Лаўнік з хутара Збляны!

uz1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться