У аграгарадку Дворышча ўспомнілі традыцыі святкавання Вялікадня

14 Февраля 2017 3388

Спакон вякоў Лідчына славілася не толькі сваімі людзьмі, але і традыцыйнымі святамі, духоўнымі каштоўнасцямі, шматвяковай культурнай спадчынай, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне. У іншых краінах нас, беларусаў, ведаюць як вельмі добразычлівых, хлебасольных людзей. І гэта невыпадкова. Жыць у згодзе з суседзямі, паважаць кожнага чалавека для нас – закон. Вось і нядаўна з’явілася магчымасць пабываць на цікавым і вельмі вясёлым свяце. У нядзелю дварышчанская зямля гасцінна прымала ўдзельнікаў раённага конкурсу традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”. Перад кожным стаяла складаная задача – здзівіць кулінарным майстэрствам i, галоўнае, распавесці аб самых самабытных стравах сваёй мясцовасці. Як гэта атрымалася ў гаспадынь, даведаўся карэспандэнт “Лідскай газеты”.

“У добрай кухаркі на стале шкваркі, а ў дрэннай – прыгаркі.” А яшчэ мая бабуля казала: ці з перцам, ці не з перцам, абы было са шчырым сэрцам. Апошні выраз успомніўся невыпадкова. У фае філіяла “Дварышчанскі Дом культуры”, упрыгожанага ў нацыянальным стылі, сабраліся шматлікія госці. Яны разглядалі разнастайныя прыгожыя вырабы, зробленыя рукадзельніцамі з Пескаўцаў, Ходараўцаў, Ваверкі і Беліцы. Але ўсё больш ногі цягнулі ў суседнюю залу, адкуль даносіліся не толькі гукі народнай музыкі, але і духмяны водар разнастайных страў беларускай кухні.

Вядома, што да Вялікадня шмат варылі, пяклі, смажылі. Ад таго, што прыйшлося пабачыць, вочы разбягаліся. Шчырасць, гасціннасць, майстэрства нашых гаспадынь адчуваліся ля кожнага стала. Выбраць пераможцу членам журы, а ў яго склад увайшлі загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова, старшыня Дварышчанскага сельскага Савета Іван Ганевіч, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Алена Шчэліна і іншыя госці, павінна было стаць няпростай задачай.

Падыходжу да жанчынак з Крупава. Бачна: хвалююцца, але віду не падаюць.

– Ёсць такая традыцыя ў крупаўскім краі – заходзіць у дом на вялікія святы з якой-небудзь стравай, і каб у ёй абавязкова прысутнічала вішня, – гаворыць жыхарка аграгарадка Крупава Алена Войсят. – Мы гэтую традыцыю прывезлі на сённяшняе свята – гэта нашыя стравы. А каб смачней было іх смакаваць, раскажам гісторыю, звязаную з імі.

IMG 0045

Аказваецца, каб і ўзімку можна было частаваць родных і знаёмых свежай вішняй, яе гатавалі па-асабліваму. У цёплы дзень наліўныя ягады асцярожна, каб не расціснуць, разам з чаранком складвалі ў слоікі, якія завязвалі пузыром, залеплівалі смалой, а потым закопвалі ў склепе. І ўжо ў вялікія святы свежую вішню даставалі, каб дабавіць у розныя булкі, пячэнні, іншую здобную выпечку. Так было даўней на крупаўскай зямлі.

Падыходжу да суседняга стала. “Езус Хрыстус з мартвых паўстаў”, – звяртаецца да мяне жыхарка аграгарадка Ваверка Тарэса Ясюкайціс. Жанчына прапануе пачаставацца каўбаскай, а потым распачынае расказваць, як у яе мясцовасці рыхтаваліся да свята.

IMG 0027

– Даўней на стол ставілі шмат самых розных страў, – гаворыць Тарэса Юзэфаўна. – Абавязкова ў цыбульным шалупінні фарбавалі яйкі, пяклі хлеб, кулічы. У гэты час ацельваліся каровы. Таму на стале маглі быць сырнікі з творагу, таксама масла, а ў тых, хто меў скацінку, – мяска, якое тушылі ў смятанцы, а потым дзяліліся з суседзямі. Таксама ставілі на стол капусту і іншыя стравы. А паеўшы, уставалі, дзякавалі гаспадыні, абавязкова цалаваліся. Дарэчы, вельмі любілі гэтае свята дзеці, бо прыходзілі хросныя з падарункамі, а бывала, прыносілі і цукеркі. Вось радасці было!

– Што яшчэ цікава: на ўсяночную напярэдадні свята бралі з сабою ў царкву для асвячэння хлеб, яйкі, сыр, мяса, соль, – дабаўляе загадчыца філіяла “Ганчарскі Дом культуры” Ганна Булай. – Асвячэнне адбывалася ў нядзелю раніцай. Лічылася, што хто першы паспее дахаты з гэтага набажэнства, той увесь год будзе паспяваць хутка ўсё рабіць і мець добры ўраджай. Традыцыйна есці пачыналі з асвячонага яйка, солі і пірага, а пасля выпівалі па чарцы віна і смачна снедалі.

IMG 0035

– У мінулым годзе ваша ўстанова ўразіла многіх разнастайнасцю страў, таму сталі пераможцамі раённага конкурсу “Спазнай смак сваёй кухні”. Чым пачастуеце сёння?

– Наш народ ва ўсе часы быў вельмі гасцінны, – адказвае Ганна Мікалаеўна. – Таму перад тым, як прыехаць на гэтае мерапрыемства, ізноў звярнуліся да кулінарных традыцый нашай мясцовасці. Нам пашанцавала пагутарыць з зямлячкай Ядзвігай Аляксандраўнай Шалтыс, якой зараз семдзесят дзевяць гадоў. Некалі, будучы маладой дзяўчынай, яна добра запомніла доўгачаканыя дні Вялікадня. А нядаўна з ахвотай падзялілася з намі ўспамінамі аб святочным стале.

“Свята Вялічка – з чырвоным яечкам”… Менавіта яйкі можна было ўбачыць на кожным стале гаспадынь. З прысмакаў – хатнія каўбаскі і кумпякі, запяканкі з бульбы, качку з яблыкамі, свіную галёнку, баравікі марынаваныя, пірагі, кулічы, а яшчэ хрэн, які знакаміты тым, што гэта лекавая расліна і спецыя адначасова. Яго было ў дастатку ў кожным агародзе, бо калі ўжо паселіцца – ні за што не выве-дзеш адтуль. Падаваўся ён у якасці прыправы да мяса. З’еш трошкі – і ніводная хвароба не страшная.

IMG 0118

– Што цікава, перад Вялікаднем свіней не калолі, – дадае загадчыца філіяла “Ходараўскі Дом культуры” Ніна Глаўдзель. – Гэта рабілі перад Калядамі. Засольвалі кумпякі, абварочвалі іх ільняной тканінай і вешалі над печчу. Рабілі і каўбасы. Іх сушылі, а потым у кошыку вешалі пад страхой. Так яны захоўваліся да гэтага свята. Такія каўбасы абсмажвалі або варылі. Ваду не вылівалі. У ёй тушылі кіслую капусту, якую елі цэлы тыдзень.

Як гатавалі нашыя продкі на свята “Вялічка”, прадэманстравалі ўсе ўдзельнікі раённага конкурсу. Сярод рэцэптаў сустракаліся своеасаблівыя. Так, работніцы філіяла “Тарноўскі Дом культуры” рэкламавалі стравы ад повара графа Маўраса Андрэя Іосіфавіча Багданца. “Прыгажосць, ды і толькі”, – гледзячы на шыкоўна накрыты стол таленавітай сям’і Парфенчыкаў, казалі шматлікія госці. “Курлыкі Бердаўскія”, шчупак фаршыраваны “Панская ежа”, халадзец “Панскі”. Велікодныя стравы ад кухаркі спадара Аляксандра Дамбавецкага з маёнтка Бердаўка так і прасіліся ў рот.

*  *  *

Смак страў раённага конкурсу запомніцца надоўга, бо ў момант апусцелі ўсе міскі і талеркі. Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел пятнаццаць устаноў культуры. Кожная рыхтавала прысмакі сваёй мясцовасці.

– Вельмі добра, што мы сёння ўспамінаем сваё забытае, вяртаемся да роднага і набываем страчанае, – адзначыў старшыня Дварышчанскага сельвыканкама Іван Ганевіч. – Сёння традыцыйная кухня нашага рэгіёна была прадстаўлена смачнымі і духмянымі стравамі. Дзякуй за гэта нашым гаспадыням.

Першае месца ў конкурсе “Спазнай смак сваёй кухні” дасталася філіялу “Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр”, другое – філіялу “Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу”, трэцяе – гаспадарам свята, філіялу “Дварышчанскі Дом культуры”. Таксама дыпломы атрымалі: у намінацыі “Прыгатаванне традыцыйнай велікоднай стравы” – філіял “Беліцкі Дом культуры”, “За рэжысёрскае вырашэнне прэзентацыі страў” – філіял “Ваверскі Дом культуры”, у намінацыі “Сервіраванне стала” – філіял “Ходараўскі Дом культуры”, у намінацыі “Афармленне рэцэпта стравы” – філіял “Тарноўскі Дом культуры”. У гэты дзень ніхто не застаўся неадзначаным.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться