Феномен Вайдылы, або Цэлая эпоха ў адной карціне

11 Апреля 2017 2974

Лідскі гістарычна-мастацкі музей запрашае на самую, мабыць, кароткую сваю выставу – выставу адной карціны «Вайдыла і князёўна Марыя ў Дубровенскім палацы».

Асоба, вельмі значная для нашага рэгіёна, – Вайдыла – агорнута арэолам таямніц і загадак. Пекар, слуга, сакратар, дарадца князя… Няма ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага больш выдатнага ўзлёту – ад простага халопа да галоўнага дарадцы Вялікага княства і мужа дачкі вялікага князя Альгерда, ад бедняка да аднаго з самых багатых людзей таго часу.

Менавіта гэты нестандартны, цяжка ўяўляемы крэн у жыцці простага чалавека і падштурхнуў лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава напісаць карціну, якую мы маем магчымасць пабачыць у музеі. Цікава, што Вайдыла прадстае перад гледачом выключна такім, якім яго ўяўляе майстар, – ніякіх сведчанняў, як менавіта выглядаў галоўны дарадца Вялікага княства, няма. І тут трэба разумець, што такім, якім гэтую асобу падае Уладзімір Мельнікаў, мы, сучаснае пакаленне, а таксама будучае возьмем за праўду. Так, Вайдыла атрымаў твар, стаў візуальна адчуваемым! Дзякуй мастаку за гэтую смеласць.

– Калі збіраў па крупіцах гісторыю жыцця гэтага чалавека, у маім уяўленні ўсплываў рослы мужчына славянскай знешнасці, з доўгімі русымі валасамі, мужнымі рысамі твару, – апавядае Уладзімір Сяргеевіч. – У мяне быў сябар, якога, на жаль, ужо няма ў жывых, які стаў правобразам і натуршчыкам... Гледзячы на яго, я сам сабе казаў: “Вось ён, сапраўдны Вайдыла!”

Праца над напісаннем палатна ў мастака заняла больш за 10 гадоў. Уладзімір Мельнікаў доўга не мог распрацаваць і зацвердзіць для самога сябе кампазіцыю, падабраць колер фарбаў. У выніку вырашыў захаваць момант, калі Вайдыла і яго жонка Марыя знаходзяцца ў чаканні смерці: яны ведалі, што не сёння заўтра загінуць ад рукі Кейстута. Адсюль гэты смутак непазбежнасці ў вачах...

Дарэчы, пазнаёміцца бліжэй як з самім палатном, так і з жыццяпісам Вайдылы ў музеі можна штодзённа, акрамя паня-дзелка. Тут жа, побач з карцінай, прадстаўлена і захаванае сведчанне таго, што ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага была такая постаць, – імянны герб Вайдылы. Вядомы таксама і лёс карціны: Уладзімір Мельнікаў вырашыў перадаць яе ў фонды гістарычна-мастацкага музея, каб памяць аб феномене Вайдылы ніколі не згасла.

войдыло1войдыло

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться