Вт11212017

Паэтычны мост у Ліду з берага Азоўскага мора

ХитрунУ калектыва “Лідскай газеты” зноў з’явілася нагода павіншаваць кіраўніка літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі Алеся Хітруна – на гэты раз з дыпломам лаўрэата ІІ ступені па выніках міжнароднага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў, які праходзіў у Растоўскай вобласці Расіі. Алесь быў адзіным прадстаўніком Гродзенскай вобласці ў фінале конкурсу, у якім удзельнічалі паэты трох краін. Атрыманая ім узнагарода – пацверджанне яго вялікіх не толькі паэтычных, але і перакладчыцкіх здольнасцей. Больш падрабязна аб конкурсе і сваім удзеле ў ім карэспандэнту “Лідскай газеты” расказаў сам Алесь Хітрун.

– Фінал ІІ Міжнароднага маладзёжнага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі сяброўства” праходзіў 6-8 кастрычніка ў Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці, – расказвае Алесь. – У мерапрыемстве ўдзельнічалі фіналісты конкурсу з 5 абласцей Беларусі, 2 абласцей Украіны і 16 рэгіёнаў Расіі. Маладыя літаратары і іх настаўнікі выступалі са сваімі вершамі і паэтычнымі перакладамі ў мясцовых школах, а таксама ў Данской дзяржаўнай публічнай бібліятэцы, удзельнічалі ва ўрачыстых мерапрыемствах. Фестываль-конкурс “Берагі сяброўства” праходзіў у рамках аднайменнага міжнароднага праекта па збліжэнні славянскіх літаратараў, якія займаюцца літаратурнымі перакладамі.

У ліку заснавальнікаў фестывалю – Саюзы пісьменнікаў Расіі, Беларусі і Украіны, Міжнародны саюз пісьменнікаў і майстроў мастацтваў. Перадгісторыяй праекта “Берагі сяброўства” лічыцца выхад у 2010 годзе зборніка вершаў і паэтычных перакладаў трох аўтараў на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах. Як адзначыў кіраўнік праекта па Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, “Берагі сяброўства” – больш чым праект, гэта духоўнае яднанне пісьменнікаў, якія прадстаўляюць тры ўсходнеславянскія народы.

-DR mgwxRNU– Алесь, з чаго пачаўся твой удзел у гэтым конкурсе?

– Прыняць удзел у фестывалі-конкурсе мне параіў мой гомельскі сябар, кіраўнік народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Арт-кафэ на Ірынінскай” Дзмітрый Нілаў, які цесна супрацоўнічае з Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Я прыслухаўся да парады Дзмітрыя і адправіў заяўку на ўдзел у конкурсе (як я даведаўся пазней, каардынацыйным саветам фестывалю-конкурсу было разгледжана больш за 200 заявак). Пазней былі вызначаны перакладчыцкія пары (беларускі паэт і расійскі паэт), удзельнікам, у тым ліку і мне, былі высланы перакладчыцкія заданні. Беларускім паэтам трэба было перакласці вершы расійскіх калег на беларускую мову (10 вершаў), а расійскім – вершы беларускіх калег на рускую (таксама 10). Перакладчыцкія работы ацэньваліся ацэначным саветам Гомельскага абласнога аддзялення СПБ. Адзначу, што многім удзельнікам (“вучням”) перакладаць вершы дапамагалі больш старэйшыя і вопытныя літаратары (“настаўнікі”). Так атрымалася, што я перакладаў конкурсныя вершы самастойна, без чыёйсьці дапамогі.

– Чые вершы ты перакладаў?

– Для перакладу на беларускую мову мне былі прысланы вершы паэтэсы з горада Гарачы Ключ Краснадарскага края Эліны Саўчанка (ёй, адпаведна, трэба было перакласці на рускую мову мае вершы). Дарэчы, Эліна – мая равесніца, таксама кіруе літаб’яднаннем у сваім горадзе і таксама ўдзельнічала ў фестывалі-конкурсе “Берагі сяброўства” ўпершыню.

А яшчэ адзначу, што ў ліку маіх дзесяці конкурсных вершаў быў пераклад з рускай на беларускую мову верша “Старый город” лідскага паэта Віктара Бачарова, якога я лічу адным са сваіх настаўнікаў у літаратурнай дзейнасці. Дзякуючы Эліне Саўчанка гэты верш зноў загучаў па-руску, але ўжо ў іншым варыянце.

DSC00499

– Калі атрымаў запрашэнне ў Растоўскую вобласць? Як туды дабіраўся?

– Запрашэнне да ўдзелу у фінале фестывалю-конкурсу я атрымаў у пачатку верасня. Акрамя мяне, ад Гродзенскай вобласці фіналістамі сталі яшчэ два ўдзельнікі, але паехаць у Растоўскую вобласць у іх не атрымалася. Такім чынам, Гродзеншчыну ў фінале прадстаўляў толькі я. Усяго ад Беларусі было 19 фіналістаў (удзельнічалі ў фінале 15), ад Расіі – 29. Хачу выказаць падзяку Лідскаму гістарычна-мастацкаму музею, у літаратурным аддзеле якога я працую, і асабіста дырэктару музея Ганне Мікалаеўне Драб за рашэнне фінансавых пытанняў маёй паездкі ў Растоўскую вобласць. Паездка ў адзін бок заняла амаль суткі, столькі ж – назад. Адлегласць ад Ліды да Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці – 1350 кіламетраў.

DSC00256Спачатку цягніком дабіраўся ў Гомель. Там мяне сустрэў Дзмітрый Нілаў з сябрам. Крыху пазней, на плошчы, сабраліся ўсе 15 фіналістаў конкурсу ад Беларусі (у асноўным паэты з Гомеля і Гомельскай вобласці, што тлумачыцца проста: Гомельскае абласное аддзяленне СПБ некалькі год цесна супрацоўнічае з калегамі з Растоўскай вобласці, дзе і праходзіў фінал). З Гомеля да месца правядзення фестывалю ехалі маршруткай. Па дарозе я пазнаёміўся ў пісьменніцай і перакладчыцай з Гомельшчыны Вольгай Раўчанка, якая пераклала з іспанскай мовы кнігу пісьменніцы Пас Дамейка аб сваім знакамітым прадзедзе – вучоным Ігнаце Дамейку, шляхі якога, як вядома, прайшлі і праз нашу Лідчыну. Пераклад кнігі амаль у 400 старонак выйшаў зусім нядаўна. Адзін экзэмпляр кнігі Вольга Іванаўна па маёй просьбе падпісала для маёй роднай Крупаўскай школы, дзе ёсць экспазіцыя, прысвечаная Ігнату Дамейку.

Чым яшчэ запомніўся шлях у Растоўскую вобласць? Гарыстай мясцовасцю, высокімі дрэвамі паабапал дарогі, мноствам сланечнікаў і… частымі пробкамі. Было амаль па-летняму цёпла (забягаючы наперад, адзначу, што ў самой Растоўскай вобласці можна было хадзіць у майцы). Доўгая дарога фізічна нас стаміла, аднак у душы кожны з нас радаваўся, што едзе на такое значнае і цікавае мерапрыемства, што мае права ўдзельнічаць у фінале.

– І вось вы прыехалі. Што далей?

– У Няклінаўскім раёне адным з першых нас сустрэў арганізатар і каардынатар міжнароднага праекта “Берагі сяброўства”, паэт Леанід Север. Нас размясцілі на базе адпачынку “Дружба” ў сяле Чырвоны Дэсант на беразе Азоўскага мора. Пражыванне, харчаванне, праезд – усё было за кошт арганізатараў конкурсу і адміністрацыі Няклінаўскага раёна. Нас гасцінна сустракалі прадстаўнікі мясцовай раённай і абласной улады.

У той жа дзень я разам з іншымі фіналістамі конкурсу меў магчымасць палюбавацца морам (раней ні на якім моры ніколі не быў), нават зайсці ў цёплую ваду, узяць некалькі ракавінак на памяць. Увогуле, адпачынак каля мора, з гітарай, песнямі, вершамі, – гэта сапраўдная казка, такое не забываецца. Пазней я кінуў у мора дзве капейкі з надзеяй у наступным годзе прыехаць сюды зноў.

Наперадзе нас чакала вельмі шчыльная і цікавая праграма фестывалю. У першы ж дзень паэтаў-фіналістаў развезлі па мясцовых школах. Мне выпала выступаць у Прыморскай школе (горад Прыморка). Са мной у гэтай школе выступалі ўжо згаданая раней Эліна Саўчанка і яшчэ двое расійскіх літаратараў. Я коратка распавёў прыморскім школьнікам пра наша лідскае “Суквецце”, пра домік Таўлая, чытаў свае вершы на беларускай мове, падарыў школе кнігу аб Валянціне Таўлаі “Этапы жыццёвых дарог”.

DSC00355

– Чым яшчэ запомніўся першы дзень фестывалю?

– Важнай культурнай падзеяй таго дня, у якой мы прынялі ўдзел, стала прысваенне Пятрушынскай бібліятэцы імені класіка беларускай літаратуры, ураджэнца Гомельшчыны Івана Мележа (які, дарэчы, у Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у вызваленні Растоўскай вобласці) – вынік плённага супрацоўніцтва Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з калегамі з Растоўшчыны, а таксама падтрымкі нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Растоўскай вобласці”. На будынку бібліятэкі была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар класіка, ад Гомельскага абласнога аддзялення СПБ бібліятэцы былі перададзены кнігі Мележа. Таксама былі перададзены фотаздымкі ад сваякоў пісьменніка. Я паабяцаў загадчыцы бібліятэкі таксама даслаць фотаздымак (на гэтым фота разам з Іванам Мележам заснята лідская паэтэса Алеся Бурак), а яшчэ падарыў бібліятэцы кнігу “Этапы жыццёвых дарог”.

Вечарам у Доме культуры Няклінаўскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднага маладзёжнага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі сяброўства” і аднайменнага міжнароднага фестывалю нацыянальных культур. Гучалі песні на трох мовах, дэманстраваліся слайды са славутасцямі трох краін. Прыемна было ў час дэманстрацыі слайдаў са славутасцямі Беларусі ўбачыць на экране і наш Лідскі замак.

DSC00675

– Дзе быў, што бачыў у наступныя два дні?

– Не буду падрабязна апісваць наступныя дні фестывалю – уражанняў вельмі многа, на іх не хопіць газетнай старонкі. Адзначу толькі, што на другі дзень, у суботу, фіналісты фестывалю-конкурсу выехалі ў Растоў-на-Доне, выступалі перад журы конкурсу са сваімі вершамі і перакладамі ў Данской дзяржаўнай публічнай бібліятэцы. Я прачытаў свой верш “Мая малітва” і верш Эліны Саўчанка “Ласкавыя рукі як вецер” у маім перакладзе. Гэта быў самы хвалюючы момант. У нядзелю ў вялікім двухпавярховым аўтобусе нас павезлі ў Таганрог – на малую радзіму Антона Паўлавіча Чэхава. Аб экскурсіі па горадзе таксама можна расказваць многа, але не буду ў дадзеным выпадку на ёй спыняцца. У заканчэнне фестывалю ўсімі літаратарамі-ўдзельнікамі форуму была высаджана памятная алея каля храма Іконы Божай Маці “Неўпіваемая чаша” (хутар Дараганаўка).

DSC00654

– І вось яна – цырымонія закрыцця фестывалю з узнагароджаннем лаўрэатаў і дыпламантаў…

– Я ў ліку ўзнагароджаных, мне ўручаны два дыпломы – фіналіста і лаўрэата ІІ ступені, – а таксама памятны сувенір у выглядзе птушкі. Прыемна і нечакана. Усяго лаўрэатаў ІІ ступені па выніках конкурсу чатыры (у тым ліку мая напарніца па перакладах Эліна Саўчанка), лаўрэатаў ІІІ ступені – пяць, лаўрэатаў І ступені – два. Прычым і з беларускага, і з расійскага боку колькасць лаўрэатаў прыкладна аднолькавая. Вышэйшая ўзнагарода – Гран-пры – дасталася паэтэсе з Архангельска Марыне Зарубінай.

Перад ад’ездам каардынатар праекта Леанід Север перадаў паэтам калектыўныя зборнікі вершаў і паэтычных перакладаў фіналістаў конкурсу, а таксама спецыяльны выпуск часопіса паэзіі і прозы “Мазаіка поўдня”. Прыемна, што і ў зборніках, і ў часопісе змешчаны і мае вершы і пераклады, дасланыя на конкурс.

DSC00313

– Што яшчэ прынёс удзел у міжнародным фестывалі-конкурсе асабіста табе?

– Новыя знаёмствы, новыя сувязі. Я бліжэй пазнаёміўся з літаратарамі Гомельшчыны, яны запрасілі мяне да сябе і самі, у сваю чаргу, паабяцалі прыехаць у Ліду ў наступным годзе, пазнаёміцца з нашым “Суквеццем”. Некаторыя расійскія паэты перадалі мне свае вершы для перакладу на беларускую мову.

– У наступным годзе, – адзначае Алесь у канцы нашай гутаркі, – я планую зноў прыняць удзел у фестывалі-конкурсе “Берагі сяброўства” – ужо ў якасці “настаўніка” (з “вучнёўскага” ўзросту па мерках конкурсу – 18-35 год – на той час я ўжо выйду). Так што мне трэба шукаць удзельніка-“вучня”, а можа, і не аднаго. Упэўнены, што маладых таленавітых паэтаў і перакладчыкаў вершаў на лідскай зямлі нямала.

– Дзякуй, Алесь, за інтэрв’ю, і яшчэ раз віншую з узнагародамі!

IMG 012

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

 

Наши блоги: 

Из личного блокнота

petrul
Блог Людмилы Петрулевич

Открытый микрофон

pin
Блог Жанны Пиневской

Строчки без точки

rus
Блог Виктории Русилевич

Между делом

kudr
Блог Татьяны Кудряшовой

Житейский перекресток

Каральчук
Блог Татьяны Каральчук