Данута Бічэль правяла сустрэчу ў Лідзе

10 Декабря 2017 3243

Днямі ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшлі літаратурна-музычныя зазімкі “І плыве твой радок, і звініць тваё слова”, прысвечаныя творчасці беларускай паэтэсы Дануты Бічэль. На сустрэчу з Данутай Янаўнай былі запрошаны сябры літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай” газеты”, а таксама вучні сярэдняй школы №1. Вядучай імпрэзы была бібліятэкар Галіна Курбыка.Данута Янаўна Бічэль – паэтэса, літаратуразнаўца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1984).

Яна наша зямлячка, бо нарадзілася ў вёсцы Біскупцы, што на Лідчыне. Была стваральніцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гродне, доўгі час працавала ў гэтым музеі, некалькі гадоў з’яўлялася яго дырэктарам. Аўтар мноства зборнікаў паэзіі, дзвюх кніг прозы, праявіла сябе і як дзіцячая пісьменніца. Многія вершы паэтэсы змешчаны ў школьных падручніках, пакладзены на музыку. Асобнае месца ў яе творчасці займае духоўная паэзія: вершы-малітвы, вершы-медытацыі і г. д. Як і яшчэ адна наша зямлячка, Хрысціна Лялько, Данута Бічэль з’яўляецца найярчэйшай прадстаўніцай беларускамоўнай духоўнай літаратуры. У мінулым годзе ў серыі “Беларускі кнігазбор” выйшла кніга выбраных вершаў паэтэсы. Данута Бічэль стала першай (і пакуль адзінай) нашай зямлячкай (г. зн. ураджэнкай Лідчыны), чые творы выдадзены ў “Беларускім кнігазборы”.

Як прызналася Данута Янаўна, у апошні час яна рэдка выступае перад аўдыторыяй. Даўно, гадоў пяць, не прыязджала яна з Гродна на Лідчыну – сваю малую радзіму. Кожны раз прыязджае сюды з вялікай радасцю: на лідскай зямлі прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады, менавіта Лідчына дала ёй натхненне для першых спроб пяра. З цеплынёй і замілаваннем расказвала паэтэса ў час імпрэзы аб сваім дзяцінстве, праведзеным ля берагоў рэчкі Гаўі, аб гадах вучобы ў Лідскім педагагічным вучылішчы.

– Ліда – першы горад у маім жыцці, – гаварыла Данута Бічэль. – Сюды я дабіралася з вёскі пяшком, праз балоцістую мясцовасць, у Лідзейцы мыла ногі. У тыя гады Ліда была для мяне, вясковай дзяўчынкі, цудоўнай краінай, дзе мяне вучылі ўсяму… Памятаю, да нас, першакурсніц, прыязджаў Кандрат Крапіва. Паслухаўшы мае вершы (многія ў юнацтве спрабуюць пісаць вершы), вядомы пісьменнік параіў даслаць іх у “Вожык”. У “Вожык” я тады вершы не да-слала (мабыць, саромелася), аднак мае спробы пяра часта сталі з’яўляцца ў насценгазеце вучылішча. Такой была мая “стартавая пляцоўка” ў друку… Пасля Ліды быў Навагрудак, а затым – Гродна, дзе я, скончыўшы педінстытут, так і засталася жыць.

Данута Янаўна чытала перад прысутнымі некаторыя свае вершы, расказвала аб значным уплыве на сваю творчасць вершаў і паэм Адама Міцкевіча (чыя Гражына з’яўляецца яе любімай літаратурнай гераіняй), аб сваім унуку Станіславе, які зараз жыве ў далёкай Філадэльфіі, працуе там шафёрам-дальнабойшчыкам і нават, ідучы па слядах бабулі-пісьменніцы, напісаў кнігу аб сваім жыцці ў Амерыцы. Музычную і песенную складаючую мерапрыемства забяспечылі сваімі выступленнямі лідскі бард Сяргей Чарняк, удзельніцы ансамбля пажылых людзей “А ну-ка, девушки!”.

Пасля імпрэзы кожны жадаючы мог набыць якуюсьці з прывезеных Данутай Бічэль кніг.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться