Мера каштоўнасцей

14 Сентября 2017 102

Мне, як і многім іншым, даводзілася, едучы ў машыне, спыняцца ля дарогі, каб размяць ногі, зайсці ў прыдарожнае кафэ. Калі стаіш на месцы, усведамляеш, як імкліва, з хуткасцю 90-100 кіламетраў у гадзіну, праносяцца міма цябе аўтамабілі. Ш-а-а-х… Павярнуў галаву, сустрэў і правёў вачыма машыну, а яна ўжо далёка. Хуткасць жа ў самім аўтамабілі асабліва не адчуваеш. Ну, мільгаюць за вокнамі краявіды. Але гэта ўспрымаецца так, як і трэба. Ты едзеш, ты імкнешся да мэты – і гэта галоўнае.

Так і ў жыцці. Мы ў імклівасці часу дзесьці асэнсоўваем, што хутка ляцяць дні, тыдні, гады. А бачым, толькі калі свядома спынімся: азірнемся назад, паглядзім у будучыню. Але ці многія так робяць? Мэты, якія ставіць перад сабой чалавек, не даюць магчымасці расслабіцца, тут бы яшчэ больш набраць тэмп і ўгнацца за часам. Яно і зразумела. Хочацца даброт для сябе, дзяцей, бацькоў. А значыць, трэба круціцца.

Іншая справа, калі чалавек растрачвае сваё жыццё на такія рэчы, ад якіх трацяцца сілы, нервы, пакутуе здароўе.

За гады сваёй журналісцкай практыкі мне, напрыклад, не раз даводзілася сутыкацца з фактамі, калі суседзі па дачы дзеляць паўметра зямлі на дачным участку. Скаргі ад іх прыходзяць не толькі ў рэдакцыю, але і ў розныя іншыя арганізацыі. Прадстаўнікі кампетэнтнай службы выязджаюць на месца, праводзяць замеры, калі было парушэнне – зробяць усё неабходнае, каб было па законе. Вы думаеце, на гэтым канфлікт спыняецца? Не. Зноў даводзіцца выслухоўваць: “Бачыце, што ён са мной зрабіў?! Увесь аж трасуся…” Бо нярэдка ўжо другі бок спрэчкі за паўметра зямлі пачынае даказваць сваю правату, хоць і не мае рацыі. Ці ў канфлікце знойдзецца якая-небудзь іншая прычына: напрыклад, не там стаяць калодзеж альбо хлевушок. А калі з градкі прапаў кабачок ці ўначы на ўчастку выбралі клубніцы, злодзея канфліктуючы бок назаве імгненна: гэта зрабіў сусед, больш няма каму.

Адносна выказвання “больш няма каму” хачу згадаць народную байку, якую некалі са смехам расказвала мне гераіня аднаго майго артыкула. Ажаніўся хлопец з дзеўкаю, ладная пара атрымалася, працавітая. Ды свякруха нявестку неўзлюбіла. Да таго ж непрыязнасць да яе павялічвалася з кожным днём. Аднойчы прыйшлі да свякрухі госці. “Прысмакаў няма ў цябе на стале”, – кажуць жанчыне. “Гэта нявестка вінаватая”, – адказвае тая. “Хата не прыбраная да нашага прыходу”, – заўважаюць. “Дык гэта нявестка лайдачка”, – не адступае ад свайго свякруха. “А чаго гэта дрэнны пах пайшоў па хаце?” – не перастаюць сыпаць пытаннямі госці. “Нявестка насмуродзіла, больш няма каму”, – пераканаўча кажа жанчына. Госці заўважаюць: “Дык яе ж няма дома: далёка на выгане гусей пасе”. “Адтуль нясе!” – чуюць у адказ.

Дарэчы, ва ўзаемаадносінах паміж цешчамі, свякровямі і зяцямі, нявесткамі таксама нярэдка ўзнікаюць непаразуменні. Маўляў, ты такую каралеўну ўзяў. А сам ты хто такі? Альбо: “Мой высокі, прыгожы, з вышэйшай адукацыяй. Яна не пара яму!” І з дня ў дзень – пастаянны тлум, незадавальненне, неўладкаванасць душы.

Ці чарговы прыклад. У свой час я расказвала на старонках газеты пра лідчаніна, які перакананы, што іх сына і сына парадзіхі, якая раджала ў адзін час з яго жонкай, пераблыталі ў раддоме, і ён выхаваў не свайго хлопчыка. І хаця тая, другая сям’я сцвярджае, што такога факта не было, ніхто нічога не блытаў і яны вырасцілі ўласнага сына, мужчына настойвае на сваім. Ён звяртаецца і звяртаецца ў розныя інстанцыі, патрабуе справядлівасці. А сын з таго часу, калі бацька пачаў адракацца, наогул аддаліўся ад яго. Вады ў старасці сын бацьку ўжо сапраўды не падасць.

А старасць – яна недалёка: жыццё імчыцца хутка, як тая машына па трасе. Мне здаецца, што толькі ў самай старасці прыходзяць мудрасць, асэнсаванне сапраўдных каштоўнасцей.

Я ўспамінаю бабулю з вёскі Яманты, з якой пазнаёмілася ў час падрыхтоўкі матэрыялу аб ваенных падзеях на Лідчыне. Размаўляючы са старэнькай, я высветліла, што адзін з яе сыноў развёўся з жонкай і прыехаў жыць да маці. Ён, аматар выпіць, перакуліўшы шклянку, становіцца скандальным. Маці даводзіцца зыходзіць з хаты. Шмат разоў начавала ў хлевушках і куратніках.

Слухаючы шчымлівы расказ суразмоўцы, я незнарок спытала: “Вам, бабуля, пэўна, ужо і жыццё не ў радасць?” “Што ты, дзеткі? – здзівілася тая. – Я расплюшчваю ўранку вочы – і ад гэтага шчаслівая. Там я яшчэ наляжуся!”

Добра памятаю я і бабульку з Ганчароў. Быў цёплы восеньскі дзень. Старэнькая прымасцілася ў двары дома, што амаль насупраць мясцовай царквы. Я падышла да жанчыны вельмі сталага ўзросту, разгаварыліся.

“Мала мне ўжо засталося. Надыхацца хачу, наглядзецца на гэты свет. Хараство ж якое! Паглядзі!” – падстаўляючы свой твар сонцу, сказала мне старэнькая. Я аглядзелася наўкола. І сапраўды хараство: промні нібы льюцца з яркага блакітнага неба, падсвечваюць рознакаляровае лісце, слізгаюць па будынку храма…

Не забуду я і нашага пазаштатнага аўтара Анатоля Фёдаравіча Куляша. Гэты таленавіты чалавек вельмі дасціпна пісаў пра гісторыю лідскіх мясцін. Яго артыкулы мы з задавальненнем друкавалі на старонках газеты. Калі быў маладзейшым, Анатоль Фёдаравіч сам прыходзіў у рэдакцыю і прыносіў матэрыялы. Потым, калі з узростам з’явіліся шматлікія хваробы, прасіў, каб прыехаў рэдакцыйны вадзіцель. Прыедзе – і ён перадасць праз яго свой надрукаваны на пішучай машынцы тэкст. Для гэтага Анатоль Фёдаравіч папярэдне тэлефанаваў камусьці з журналістаў, мне ў тым ліку. Аднойчы ў гутарцы са мною ён прызнаўся: “Ведаеш, Люда, за што хвалююся? Хвалююся, што не паспею дапісаць артыкул. Ну хто пра такія факты раскажа, каб захаваць у архівах, у памяці? Мне б яшчэ для гэтага хоць некалькі тыдняў Бог даў…”

Якія яны, каштоўнасці жыцця? Само жыццё і ёсць галоўная каштоўнасць. Яго тыдні, дні, імгненні. Іх і трэба цаніць больш за ўсё.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться