Вучаніца лідскай школы – пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове

07 Июля 2018 5733

ОлімпіадаЯшчэ ў пачатковых класах вучаніца сярэдняй школы №15 Антаніна Змітрукевіч расставіла прыярытэты: трэба не толькі старанна вучыцца, але і пастаянна самаўдасканальвацца. Менавіта таму выпускніца дзясятага класа сёння – пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.

Падчас гутаркі з карэспандэнтам “Лідскай газеты” юная жыхарка нашага горада расставіла ўсе кропкі над “і”: гэта не першы яе высокі вынік. У алімпіядах дзяўчына ўдзельнічае, пачынаючы з восьмага класа (тады заняла другое месца ў раёне). Узмоцнена займалася яшчэ год, наведваючы дадатковыя заняткі ў школе. І ўжо ў дзявятым класе паставіла свой уласны рэкорд – заняла першае месца ў раённай алімпіядзе, другое ў абласной і першае ў рэспубліканскай.

– Мне заўсёды падабалася філалогія, – прызнаецца лідчанка. – Але калі прыйшоў час рабіць выбар таго ці іншага прадмета, без сумнення зрабіла яго на карысць роднай беларускай мовы. І шмат у чым дзякуючы настаўніцы. Людміла Віктараўна Гладкая – адзін з тых педагогаў, хто самазабыўна аддаецца любімай прафесіі. Яна сапраўдны сябар і мая другая мама. Колькі часу правялі за вывучэннем матэрыялу – не злічыць. Толькі дзякуючы ёй і бацькам, якія за мяне хваляваліся і падтрымлівалі, я сёння ў ліку лепшых.

На звыклае пытанне, кім стане ў будучыні, Антаніна адказвае без долі сумнення: толькі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У планах дзяўчыны – паступіць на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

– Калі чалавек чагосьці хоча, ён абавязкова гэтага дасягне, таму трэба проста верыць у сябе, – заўважае гераіня артыкула. – Мару ў будучым годзе зноў аказацца ў ліку ўдзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды. Вядома, даводзіцца вывучаць шмат дадатковага матэрыялу. Кожная алімпіяда – экзамен. Праходзіць у тры этапы: на першым трэба напісаць водгук на мастацкі твор, другі этап – комплексная работа (заданні па мове і літаратуры), а трэці – вуснае выказванне. Тэма апошняга дакладна невядомая. Цягнуцца білеты. Напрыклад, у гэтым годзе мела магчымасць паразважаць на тэму “У нас добрая спадчына, паболей бы добрых спадчыннікаў”. Распавядала пра багацце традыцый, роднай мовы, фальклору, прыроды, аб тым, што ўсё гэта трэба берагчы і захоўваць.

Перамога стала нечаканасцю для Антаніны. Было вельмі прыемна атрымаць дыплом рэспубліканскага ўзроўню, праславіць родны горад. У наступным навучальным годзе дзяўчына таксама будзе рыхтавацца да алімпіяды па беларускай мове, імкнуцца да высокага выніку. Яе мара – у будучыні мець любімую прафесію і нават займацца навукай.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться