"Павесьце расклад, куды рукі варвараў не дацягнуцца..."

12 Марта 2018 2568

Усё пазнаецца ў параўнанні. Успомніце, як яшчэ некалькі год таму лідчане вельмі прасілі, каб на аўтобусных прыпынках з’явіліся таблічкі з раскладам руху аўтобусаў. Як радаваліся гэтаму... Але – да ўсяго добрага хутка прывыкаем. І – перастаём цаніць. Вось і расклад камусьці ўжо замінае, а камусьці проста хочацца сарваць яго, разбіўшы шкло, і пакласці сабе ў кашалёк, каб карыстацца толькі самаму. Таму і раздаюцца ў рэдакцыі раз-пораз тэлефонныя званкі: “Дапамажыце, напішыце – каб абнавілі таблічкі...”

Вось і нядаўна ад імя лідчан нам патэлефанавала Ванда Іосіфаўна, якая распавяла, што на многіх прыпынках аўтобусаў раскладу няма. Як добры прыклад  прывяла прыпынак «Кніжны свет», дзе расклад размешчаны высока (каб варвары не дасталі), з вялікім шрыфтам. Расказала лідчанка і аб тым, што сама тэлефанавала ў Лідскі аўтапарк, прасіла, каб спецыялісты абышлі прыпынкі і абнавілі таблічкі. Але там ёй параілі патэлефанаваць у Гродна, у арганізацыю “Аператар пасажырскіх перавозак”, якая непасрэдна займаецца раскладам на прыпынках.

Звярнулася ў гродзенскую арганізацыю і “Лідская газета” – каб перадаць просьбу лідчан аб правядзенні чарговага абследавання прыпынкаў і абнаўлення таблічак з раскладам. Нам адказалі, што падобныя маніторынгі рэгулярна праводзяцца...

– Так, маніторынг прыпыначных пунктаў з мэтай размяшчэння  знакаў з раскладам руху грамадскага транспарту ў выпадку яго адсутнасці і ўнясення некаторых змяненняў у існуючы расклад праводзіўся ў пачатку студзеня. Выяўлена, што на многіх прыпыначных пунктах адсутнічае магчымамсць размясціць расклад, паколькі ў інфармацыйных таблічках адсутнічае шкло або таблічак няма ўвогуле, – адказвае намеснік дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Аператар пасажырскіх перавозак” Уладзімір Новік. – У сувязі з гэтым прадпрыемства звярнулася ў Лідскае ГУП ЖКГ з просьбай аказаць садзейнічанне і абсталяваць інфармацыйныя таблічкі. Што тычыцца таблічкі з раскладам на прыпынку “Кніжны свет”, то ў ліпені мінулага года ў адрас “Аператара пасажырскіх перавозак” паступіла пісьмо ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Лідскага райвыканкама з просьбай знайсці магчымасць для ўстаноўкі аўтобуснага раскладу з павялічаным памерам літар і лічбаў на прыпынках транспарту, размешчаных паблізу сацыяльна значных аб’ектаў для фізічна аслабленых людзей. Прыпыначнымі пунктамі паблізу сацыяльна значных аб’ектаў сумесна былі вызначаны “Раённая паліклініка” і “Кніжны свет”. На сённяшні дзень замяніць знакі ў падобным фармаце на ўсіх прыпынках у Лідзе немагчыма з-за вялікага аб’ёму работ і фінансавых затрат.

IMG 035

Таксама прадпрыемства “Аператар пасажырскіх перавозак” паведаміла, што ў канцы студзеня быў праведзены чарговы маніторынг прыпыначных пунктаў у Лідзе з мэтай размяшчэння прыпыначных знакаў з існуючым раскладам. Пасля выпраўлення выяўленых недахопаў і пры наяўнасці магчымасці расклады руху транспарту будуць размешчаны.

***

Падчас падрыхтоўкі матэрыялу ў друк карэспандэнт “Лідскай газеты” зрабіў свой “маніторынг” прыпыначных пунктаў і звярнуў увагу на таблічкі з раскладам (або іх адсутнасць). Дарэчы, вельмі добра (практычна недасягальна для тых, у каго рукі чэшуцца) размешчаны расклад на прыпынку па вул. Ленінскай (каля магазіна “Масцярыца” КУП “Лідскі камбінат бытавых паслуг”). Расклад і іншая рэкламная інфармацыя ўзяты пад вялікае празрыстае палатно. Тут яго не змогуць ні сарваць, ні пашкодзіць, ні дастаць, хіба толькі сфатаграфаваць на камеру.

IMG 034

 

IMG 033

На прыпынку “Кніжны свет” сапраўды зручны расклад для ўсіх! Вялікая шыльда размешчана высока, а сам расклад дзякуючы вялікаму шрыфту добра бачны нават пажылому чалавеку з аслабленым зрокам. На жаль, на некаторых прыпынках (па вул. Савецкай, ля музычнай школы) расклад проста наклеены, як аб’ява, – без таблічкі і шкла.

IMG 040

IMG 042

Безумоўна, хацелася б, каб на ўсіх прыпынках расклад быў – зручны, акуратны і дакладны. Паколькі ёсць арганізацыя, якая за гэтым сочыць, ёсць і спадзяванне, што так усё ж будзе. Праўда, хацелася б, каб гэта была не гродзенская, а лідская арганізацыя. Пры ўсім гэтым скончыць матэрыял на аптымістычнай ноце, на жаль, не атрымліваецца. Ад уласнага “маніторынгу” ў мяне застаўся прыкры асадак. Нават не столькі з-за сарваных таблічак, колькі з-за таго, як выглядаюць нашы прыпыначныя пункты. Размаляваныя, з надпісамі невядомага зместу, зробленымі тымі, каму не было чаго рабіць, не было куды прыкласці свае намаганні, са шматкамі старых прылепленых аб’яў... Яшчэ ж не так даўно гэтыя прыпыначныя павільёны былі пастаўлены – новыя, прыгожыя. У што мы іх ператварылі? Прыпынкі – гэта ж першае, што кідаецца ў вочы тым, хто едзе па праезджай частцы. Не задворкі, не жылы сектар, а вось гэта – транспартныя артэрыі і ўсё, што паблізу іх, – твар горада. Чаму ж тыя, хто жыве ў гэтым горадзе, лічаць магчымым ламаць, знішчаць? Прыкра і балюча. І ўсё ж гэтую балючую тэму варушыць трэба, гаварыць аб ёй – у кожным доме, сям’і, школе.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться