Году малой радзімы прысвячаецца. Настаўнік з роду сялян – годны сын сваёй зямлі

17 Мая 2018 1770

з жонкайГісторыя так хутка перагортвае свае старонкі, што не паспееш азірнуцца, – мінаюць падзеі, прыходзяць, каб напісаць у ёй чарговую главу, і адыходзяць неардынарныя людзі. І толькі памяць, што застаецца ва ўспамінах яшчэ жывых сведкаў ды на старонках асабістых нататнікаў і дзённікаў, дазваляе сёння ўжо ў поўнай меры ацаніць, кім і чым былі яны для нашага краю. А заадно, праз прызму асобных лёсаў, убачыць поўнаметражную карціну тагачаснага жыцця. Прозвішча Кучынскіх у летапісе Лідчыны сустракаецца неаднаразова. Сярод яго носьбітаў шмат выдатных асоб. Адразу некалькі такіх даў Лідчыне ганчарскі род Кучынскіх. Адметная ў ім – асоба Мікалая Мікалаевіча Кучынскага, пачынальніка педагагічнай дынастыі, франтавіка, выдатніка асветы БССР, які вывеў на прасторы жыцця не адно пакаленне юнакоў і дзяўчат. Няхай жа ўскалыхнуць успаміны былых вучняў і тых, хто проста яго ведаў!

З роду сялян

Мікалай Кучынскі нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Ганчары. У сваім дзённіку ён піша: “Дзяды мае былі сялянамі, і зямлі ў іх было 8 дзесяцін. Пасля раздзелу гаспадаркі паміж дзядзькам Уладысем і маім бацькам, калі ён ажаніўся з маёй маці, Марыяй, нам прыйшліся 4 дзесяціны. З гэтай зямлёй бацька перайшоў жыць у хату Мацвея Лахача. У вёсцы казалі, што ён пайшоў у прымы. Мацвей Лахач з’явіўся ў Ганчарах яшчэ да Першай сусветнай вайны з вёскі Вусце, што ля Беліцы. Дзед Мацвей шыў кажухі, суконную і зрэбную вопратку, вандруючы па вёсках з хаты ў хату. У Васьковічах (што ля Гродна) дзед пазнаёміўся з маёй будучай бабуляй Марыяй. Яна служыла ў Васькаўскага пана. Паходзіла з Андрушысаў, з-пад Коўна. У яе былі два браты, адзін з якіх стаў ксяндзом. Пажаніўшыся, дзед Мацвей з бабуляй Марыяй на сабраныя грошы пабудавалі ў Ганчарах дом, купілі гектар зямлі і сталі гаспадарыць. Дзед займаўся кравецкай справай і адчыніў краму. Узялі ў арэнду ў Дзяковічах каля 20-ці гектараў зямлі. Глеба была нізкай якасці, галоўную каштоўнасць складала заліўная сенажаць, што давала магчымасць гадаваць шэсць кароў і двое коней”.

Урокі на ўсё жыццё

У Ганчарскай школе Мікалай Кучынскі скончыў чатыры класы. А 1 верасня 1931 года Мікалай паступіў у Лідскую гімназію. Будынак яе быў новым і размяшчаўся на Выгане. Вучыўся добра, хаця вучоба пасля вясковай школы давалася цяжка. Вывучаў нямецкую і лацінскую мовы. “Нямецкую мову ў нас вяла немка Эльма Тодэ, – успамінае Мікалай Кучынскі. – Прайшлі дзясяткі год, а перад вачыма ўстаюць яе ўрокі... Лацінскую мову выкладала Ядзвіга Мастовіч. Урокі яе таксама запомніліся на ўсё жыццё. Трэба было зазубрываць многа слоў. Яна задавала іх цэлымі блокамі. Каб заахвоціць нас, узнагароджвала невялікімі брашуркамі, у якіх на польскай мове былі змешчаны легенды і гістарычныя апавяданні. Па парадзе настаўніцы, каб развіваць памяць, мы пачалі займацца мнемонікай.

У гэтыя гады ў свет выйшлі кнігі ”Пракурор Аліцыя Горн”, ”Знахар” і ”Прафесар Вільчур”. Усе яны былі экранізаваны. Нам дазвалялі на іх схадзіць. У “Знахары” галоўную ролю выконваў вядомы артыст Юноша Стэмпоўскі. Пасля прагляду фільма мала хто звярнуў увагу на прозвішча пісьменніка, па творах якога ставіліся гэтыя фільмы. І вось аднойчы перад урокам наша аднакласніца Галіна Шаптуноўская (дачка дырэктара камунальнага банка) сказала: ”А ці ведаеце, хто напісаў гэтыя творы?” Мы сталі ўспамінаць: ”Даленга… Даленга…” “А далей?“ – не ўнімалася Галя. Нехта ўскрыкнуў: ”Мастовіч!” “Ці не будзе ён сваяк нашай настаўніцы?” – загаманілі. Вырашылі запытаць. Настаўніца зарумянілася і сказала: ”Гэта мой брат!”
Апошні клас гімназіі Мікалай Кучынскі заканчваў у Вільні. Пасля заканчэння падаў дакументы ў палітэхнічны ліцэй у Варшаву. Але... 1 верасня 1939 года немцы напалі на Польшчу – пачалася вайна.

А ўжо 18 верасня ў вёску Ганчары ўступілі чырвонаармейцы. Радасна сустракалі іх сяляне, большасць з якіх была малазямельнай. Памешчыцкія і асадніцкія землі – Заечыцы, Старое Млынішча, Дзяковічы – былі раздадзены бедным. У 1940 годзе ў Ганчарах быў створаны калгас. Сяляне верылі ў лепшае жыццё. Бацька, Мікалай Аляксандравіч Кучынскі, стаў працаваць загадчыкам млына Лупельніца, а сын Мікалай уладкаваўся на чыгунку па перавозцы пошты, потым – інспектарам Лідскай ашчаднай касы. Бывала, цэлыя тыдні праводзіў у раёне па размяшчэнні займаў сярод сялян. Гэта дало магчымасць пазнаёміцца са шматлікімі людзьмі, іх жыццём.

педколлектив гимназии 38гбацьки и сыны

Выпрабаванне вайной

“22 чэрвеня 1941 года ўранку лідчан разбудзілі выбухі ў небе зенітных снарадаў, – сведчыць чарговы запіс у дзённіку Мікалая Кучынскага. – Выбеглі на вуліцу: высока ў небе ляцеў самалёт, па якім стралялі зеніткі. Вайна? Ля дома, дзе я жыў, прайшоў пасажырскі поезд на Маладзечна. Калі ён быў ужо за межамі горада, нямецкі самалёт спікіраваў, разбамбіў састаў. Пазней да бальніцы прывезлі забітых, раненых. Забітых тут жа, за будынкам, пахавалі. Сярод іх былі і знаёмыя: гэта футбалісты нашай лідскай зборнай, якія ехалі на спаборніцтвы ў Маладзечна”.

Прыбегшы на работу, Мікалай Кучынскі застаў у зборах да эвакуацыі многіх работнікаў райвыканкама і іншых устаноў. Сярод іх былі знаёмыя. “Пагрузіўшыся на палутарку, якую вёў Сігізмунд Даўгялевіч, я, а таксама сакратар райвыканкама Грыша Гудзянкоў, камсорг абутковай фабрыкі Марыя Раманоўская і многія іншыя рушылі на ўсход, – успамінае ён. – Усю дарогу да Ганчароў я думаў, што ж рабіць: эвакуіравацца ці застацца дома? На памяць прыходзілі аповеды аднавяскоўцаў, якія ў Першую сусветную вайну не выехалі ў бежанцы (дарэчы, у бежанстве былі дзяды Кучынскія), аб зверствах акупантаў. Вырашыў ехаць…”

Але, дабраўшыся да Дуброўна, Мікалай Кучынскі вымушаны быў вяртацца назад, бо ўперадзе ўжо былі немцы. Вярнуцца ў родную веску не мог – даведаўся, што яго і некаторых іншых аднавяскоўцаў тут ужо шукалі немцы. Адбываліся расстрэлы. Падаўся ў Ліпічанскую пушчу і стаў жыць тут у сваякоў. Потым перабраўся ў Навагрудак і паступіў на шасцімесячныя настаўніцкія курсы, якія арганізаваў саюз беларускай моладзі. Пасля заканчэння быў накіраваны на працу ў вёску Васілевічы за Нёманам. У ваколіцах дзейнічалі партызанскія атрады, і ён займеў з некаторымі сувязь. Уступіў у атрад імя Шастакова (афіцыйная назва – група “Слаўны”). У ліпені 1944 года ўвесь атрад быў прызваны ў Чырвоную Армію. Мікалай Кучынскі трапіў у 875 стралковы полк Ліёзненскай дывізіі, якая вяла баі на тэрыторыі Літвы.

“16 жніўня 1944 года. Наперадзе гарадок Расейняй, – расказвае яшчэ адзін дзённікавы запіс. – Пасля кароценькай артпадрыхтоўкі, а 11 гадзіне, пачалося наступленне. З крыкамі “Ура! За Радзіму! За Сталіна!” кінуліся наперад. Мне давялося наступаць па схіле ў напрамку дзота, з якога вёўся кулямётны агонь. Рукавы і полы шыняля дзюравілі кулі: апёк на левай руцэ, на левай назе і – абвісла правая рука. Неглыбокая канаўка ля палявой дарожкі. У яе я і ўпаў. Яна мяне і выратавала ад немінучай смерці. Наступленне нашай роты было спынена. Некалькі разоў спрабаваў падняцца, каб паўзці. Над галавой свісталі кулі. Увесь рукаў напоўніўся крывёю, у вачах пачалі з’яўляцца “матылькі”. Раптам паветра напоўнілася скрыгатам нашых “кацюш”. Міны падалі недалёка ад мяне: адна, другая, трэцяя… Падбеглі два санітары. Падхапілі мяне. Я страціў прытомнасць. Санбат. Тут агледзелі рану, забінтавалі і – у тыл. Каўнас. Эвакашпіталь. Аперацыя. Потым – эвакуацыя на ўсход, у Марыйскую АССР, пасёлак Кожла-Сала. І толькі ў снежні таго ж года змог устаць на ногі і вярнуцца дамоў”.

Вучыць і вучыцца

Менш чым праз год Мікалай Мікалаевіч ажаніўся… З жонкай Аленай Мечыславаўнай у дружнай сям’і яны нарадзілі і выгадавалі двух сыноў Яраслава, Юру і дачушку Гражыну. Яшчэ раней, у пачатку 1945 года, ён стаў настаўнікам у Агародніках, пазней – у Ганчарах, дзе выкладаў беларускую мову.

“У 47-м годзе мы з жонкай вырашылі перайсці на свой хлеб і на чатыры гады пераехалі ў Зарачанскую пачатковую школу, – піша аб сабе Мікалай Мікалаевіч. – Я паступіў завочна вучыцца ў Гродзенскі педінстытут. Але на трэцім курсе выявілася, што дакументаў аб сярэдняй адукацыі ў мяне няма (прапалі у Варшаве), вучобу прыйшлося пакінуць. Між тым, па загадзе кіраўніка РАНА мяне перавялі завучам у Ваверскую школу, дзе адпрацаваў чатыры гады. Тут жа сыны Яраслаў і Юра пайшлі ў школу. Тут я зацікавіўся фатаграфаваннем. Па просьбе парафіян фатаграфаваў вяселлі і пахаванні. Начамі закрыўшыся ў склепе, пры керасінавай лямпе, рабіў фотаздымкі. (Яшчэ адно хобі – філатэлія; Мікалай Кучынскі сабраў багатую калекцыю марак, якая захавалася па сённяшні дзень. – Аўт.) Па ўласным жаданні перайшоў у Хадзюкоўскую школу, дзе змог працаваць у дзве змены. Акрамя гэтага, мы мелі прысядзібны ўчастак, саджалі бульбу, агародніну, трымалі карову, свіней, курэй. Яраслаў, жывучы ў дзядоў, скончыўшы дзесяцігодку ў Ганчарах, паступіў завочна ў Мазырскі педінстытут, а Юра завербаваўся на Далёкі Усход. У 1966 годзе быў пераведзены ў Ганчарскую школу. Але – трэба было нешта рабіць мне са сваёй адукацыяй. У 1954 годзе паступіў завочна. Скончыў вучобу ў 1959 годзе з дыпломам выдатніка. Было мне ўжо 38 гадоў. І я вырашыў вучыцца далей – скончыў у 1968 годзе геаграфічнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта”.
Да выхаду на пенсію Мікалай Кучынскі працаваў намеснікам дырэктара Ганчарскай школы. Ён – яскравы прыклад творчых адносін да сваёй настаўніцкай работы. Яго ўрокі геаграфіі былі поўныя глыбокага зместу, яны не пакідалі вучняў раўнадушнымі. Настаўнік вёў дзяцей ад прыватных фактаў да вялікіх абагульненняў. Дарэчы, яго справу прадоўжылі і сталі настаўнікамі сын Яраслаў, дачка Гражына і ўнучка Віялета. А вось родны брат, Вячаслаў, аддаў гады працы на ніве журналістыкі, у рэдакцыі газеты “Уперад” (зараз – “Лідская газета”).

Прысвячаецца бацькам і зямлі

Заканчваючы аповед, хочацца прывесці яшчэ адзін запіс з дзённіка Мікалая Кучынскага, на наш погляд, вельмі і вельмі красамоўны: “Перада мной – некалькі лаканічных паштовак і адзін ліст ад бацькі. Напісаны ён тады, калі яны з маці задумалі пабудаваць для нас з братам дом. “Коленька, за лесом наездился, сколько влезло. Но могу похвалиться, что сего дня, благодаря объездчику, получил за Березовской школой метров 200 делянку. Шалевку сделал в Минойтах. Купил 120 жердей, распилил в Гончарах. Теперь закажу 1450 штук штакетника, столбиков штук 60... Уже второй месяц ни одного дня не бываю дома – дороги». Дык вось, мне хочацца сказаць усім, хто гэта будзе чытаць – дзецям, унукам, праўнукам, – што такія бацькі, як мае, не часта сустракаюцца: працавітыя, сумленныя, якія бязмежна любілі сваіх дзяцей і ўнукаў. Біліся, як рыба аб лёд, каб вучыць нас па-чалавечы жыць…”

Менавіта па гэтым запісе, на першы погляд нязначным, але якому аўтар дзённіка прыдае вялікае значэнне, можна меркаваць і аб самім сыне – годным сваіх бацькоў і сваёй зямлі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться