У Лідзе ля помніка ахвярам фашызму прайшоў міцінг-рэквіем (фота)
У рамках святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі месяц май быў асабліва насычаны на падзеі для ўдзельнікаў Лідскага рэгіянальнага мемарыяльна-культурнага аб’яднання.
Міцінг-рэквіем адбыўся на вул. Рыбіноўскага, ля помніка ахвярам фашызму. Нагадаем, менавіта 8 мая 1942 года тут былі расстраляныя звыш шасці тысяч яўрэяў, мірных жыхароў Ліды. На сёлетнім мітынгу традыцыйна было шматлюдна. Тут сабраліся мясцовыя жыхары і госці з іншых гарадоў, нашчадкі тых, хто трагічна загінуў і знайшоў у гэтым месцы апошні спачын, а таксама навучэнцы СШ №15, якія шэфствуюць над помнікам і падтрымліваюць навакольны парадак. Было выказана шмат шчымлівых слоў у памяць аб тых, чые жыцці былі жорстка перарваныя і хто не змог убачыць запаветнага дня Перамогі, жыць у вольнай краіне і быць шчаслівым. Прагучала яўрэйская памінальная малітва Кадыш. Да падножжа помніка былі ўскладзены жывыя кветкі.
У гэты ж дзень падзеі вайны і ахвяр фашызму ўспаміналі ў Ізраілі. У г. Тэль-Авіве, на могілках Нахалат Іцхак, дзе ўстаноўлены памятны камень па ўсім бязвінна загінуўшым яўрэям Ліды, сабраліся члены лідскай яўрэйскай абшчыны, што дзейнічае ў гэтай краіне, і аддалі даніну памяці загінуўшым.
Акрамя таго, пяцёра прадстаўнікоў Лідкага рэгіянальнага мемарыяльна-культурнага аб’яднання, на чале з яе кіраўніком Андрэем Фішбайнам пабывалі таксама і на траурных мерапрыемствах у суседнім, Іўеўскім, раёне, а дакладней – у вёсцы Стоневічы, дзе падчас вайны былі расстраляныя звыш дзвюх з паловай тысяч мірных жыхароў.
Як адзначыў карэспандэнту “Лідскай газеты” Андрэй Генадзьевіч, памяць аб тых падзеях жыве ў сэрцах сучаснікаў і як ашчадны дар перадаецца з пакалення ў пакаленне. Да помніка па вул. Рыбіноўскага прыходзяць ужо не толькі дзеці, але і ўнукі, праўнукі ахвяр фашызму. Спадзяёмся, што і яны таксама зробяць усё магчымае, каб захаваць гэтую памяць і перадаць яе наступным пакаленням.