Па старонках нашай гісторыі. Дом Віленская, 19 і далей на поўнач

25 Августа 2016 3065

На рагу вуліц Каменскай (зараз – Ленінская) і Віленскай (зараз – Савецкая) стаяў дом пад нумарам 19. Ён меў форму літары L, прычым ягонае большае крыло знаходзілася на вуліцы Віленскай. Дом, пабудаваны напрыканцы XIX ст., шмат разоў трапляў у аб’ектывы фотакамер, і таму ягоныя выявы бачны на шматлікіх паштоўках.

Гэта быў двухпавярховы гмах з чырвонай цэглы, крыло па вуліцы Віленскай мела трэці, мансардны паверх. Пасля вулічных баёў 1919 і 1920 гг. дом гарэў і быў трошкі перабудаваны – страціў трэці мансардны паверх і быў пафарбаваны.

На старых паштоўках бачна, што да Першай сусветнай вайны тут месціліся крама швейных машын, ровараў і музычных інструментаў Ёселя Нэймана, склад і крама мануфактуры Айзіка Вінера, крама пісьмовых прыналежнасцей Слуцкага, фотаатэлье Тэвянскага і кабінет зубнога лекара Шатэнштэйна.

Да 1914 г. на другім паверсе гэтага толькі што пабудаванага гмаху знаходзілася ігральная ўстанова. Былы лідзянін Іосіф Далінскі пісаў: “У Лідзе быў ігральны дом – асабняк з чырвонай цэглы з высокімі вокнамі. Па вечарах у вокнах запальваліся агні, і каля зялёных сталоў ішла адчайная гульня. Распавядалі, што гаспадар гэтай установы закурваў цыгару ад дваццацірублёвай купюры. Гэта быў высокі, худы, пастаянна ахінуты клубамі цыгарнага дыму мужчына. Чалавек ён быў загадкавы. Яго баяліся: “Чорт яго ведае, што ў яго на розуме”. Расказвалі, быццам ён бачыць целы людзей, іх душы, іх таемныя думы, адгадвае іх карты і таму выігрывае. Распавядалі таксама, што пад раніцу з гэтага дома выходзіць нейкая фантастычная дама-невідзімка, якая нібыта падказвае поглядам таму гульцу, як выйграць, гэта значыць, на нейкай таемнай мове паведамляе карты саперніка. Там жа, у іншым зале, гулялі ў рулетку, якая прыносіла гаспадару-афіцэру велізарныя даходы. Словам, вакол гэтага ігральнага дома луналі фантастычныя апавяданні – адно страшнейшае за другое”.

«Амерыка» супраць «Цукерні Цукерніка»

Немагчыма пералічыць усе крамы і крамкі, якія нейкі час месціліся ў гэтым гмаху. Але з сярэдзіны 1920-х гг. у цокалі гэтага дома была знакамітая цукерня  “Амерыка”, якую лідзяне называлі “Амерыканка”. Цукерня належала Б. Будыне і лічылася адным з лепшых рэстаранаў. Асабліва ўпадабалі яго афіцэры мясцовага гарнізона. “У «Амерыканку», лепшы шынок, уваход для шарагоўцаў і падафіцэраў быў загадам па палку забаронены”, – пісаў Юзаф Рыбінскі, які адбываў вайсковую службу ў 5-м лётным палку, які дыслацыраваўся на Лідскім аэрадроме.

Лідзянка, прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова пісала: “...ішлі ў цукерню «Амерыканка» на печыва або на марозіва – у залежнасці ад пары года. ... Мы падымаліся па некалькіх прыступках і сядалі за мармуровы столік. Памятаю асабліва выдатнае марозіва – шакаладнае, арэхавае, трускаўкавае ці вішнёвае. З печыва – “напалеонкі” і трубачкі з крэмам. Падчас наведвання Ліды ў 1992 г. я вырашыла паказаць майму мужу “Амерыканку”. На жаль – засталіся толькі выкліканыя мной успаміны”.

01

Дом Віленская, 19. Паштоўка надрукавана да 1914 г.

02

3D мадэль дома Віленская, 19, зробленая В. Бураком.

Чытаючы старую прэсу, цікава назіраць спаборніцтва праз рэкламу паміж лідскімі цукернямі таго часу. У кастрычніку 1931 г. прэса пісала: “Учора, па адрасе Сувальская, 18, была адчынена новая цукерня, якая мае назву “Цукерня Цукерніка”. Цукерня абяцае перацягнуць да сябе частку гарадской эліты з “Амерыканкі”. У супрацьвагу і ў якасці скрытай рэкламы ў верасні 1932 г. газета “Слова” пісала, што, нягледзячы на крызіс, “Ліда еўрапеізуецца. Нараканні лідзян на тое, што няма дзе правесці доўгія вечары, ужо не мае падстаў, бо 3 верасня ў павялічаным памяшканні цукерні “Амерыка” пачаў выступаць джаз-банд 77-га пяхотнага палка. Гэты знаны джазавы калектыў прыцягвае эліту горада. Таксама трэба заўважыць, што ў нашы крызісныя часы закускі і напоі маюць вельмі лагодны кошт, і таму лідзяне слушна задаволеныя гэтай пляцоўкай для адпачынку”.

У 1930-х гг. над “Амерыканкай”, на другім паверсе, працавала закусачная з продажам спіртных напояў на разліў.

Далей на поўнач па вуліцы Віленскай быў рынак (зараз прыкладна на гэтым месцы плошча Леніна), дзе да 1941 г. захаваліся дамы пачатку XIX ст. з барочнымі фасадамі (тагачасны адрас – Рынак, 3 і 4).

Ля ўваходу на рынак – жыллёвы гмах ветэрынара

Пры ўваходзе на рынак стаяў дом (Віленская, 57), якім валодаў галоўны ветэрынар павета Роберт Вільгельм Робертавіч Рэнерт. Выпускнік Юр’еўскага ўніверсітэта, лютэранін Рэнерт выконваў свае абавязкі з 24 ліпеня 1898 г. З сярэдзіны 1920-х гг. ён працаваў дырэктарам гарадской рэзні, якая ў той час месцілася тут жа, на рынку, а таксама быў зарэгістраваны як прыватны ўрач-ветэрынар. Менавіта ў доме Рэнерта нейкі час дыслацыраваўся штаб чырвонай дывізіі, якая ў пачатку 1919 г. заняла горад.

Ад старастаў Сцыпіёнаў...

Адным з самых прыгожых дамоў у горадзе лічыўся дом па вуліцы Віленскай, 42, які стаяў насупраць рынка (прыблізна там, дзе зараз аддзел рамёстваў – ранейшы кінатэатр “Кастрычнік”). Гістарычны пляц горада, на якім стаяў гэты гмах, першапачаткова належаў лідскім старастам Сцыпіёнам дэ Кампа. Лепшы лідскі гісторык ХХ ст. Міхал Шымялевіч пісаў, што ў цэнтры горада Ліды ад самага пачатку XVIII ст. Сцыпіёны мелі вялікі пляц, які з фронту прылягаў да рынка, а з тылу абмяжоўваўся ракой Лідзеяй. На гэтым пляцы з канца XVIII ст. размяшчаліся гарадская канцылярыя, турма і аптэка. Тут жа меўся жылы двор, у якім месціліся лідскія старасты ў часы сваіх прыездаў у горад. Спераду, пры самой вуліцы Віленскай, насупраць рынка, стаяла буйная заезная карчма (згарэла пры пажары горада Ліды ў 1827 г.). Месцы на пляцы былі распрададзены, і на месцы карчмы ў 1840 г. Беньямін Камінскі пабудаваў новы двухпавярховы мураваны дом, у якім да 1915 г. месціліся шматлікія павятовыя ўстановы.

03

Дом Віленская, 42. Паштоўка надрукавана да 1914 г.

04

3D мадэль дома Віленская, 42, зробленая В. Бураком.

Была тут тэлеграфная станцыя з апаратамі Морзе

У 1872 г. уздоўж паштовага тракту Вільня – Ліда – Навагрудак – Мір пабудавана тэлеграфная лінія і ў Лідзе заснавана тэлеграфная станцыя з двума апаратамі Морзе. Першым начальнікам гэтай станцыі быў Савелій Нікіцін, тэлеграфным тэхнікам – Хрысанф Аляхновіч, які гэту лінію будаваў. Тэлеграфная станцыя знаходзілася на першым паверсе ў гэтым жа мураваным доме (Віленская, 42), у памяшканні, якое вызвалілася пасля ліквідацыі 1 красавіка 1872 г. павятовага суда. У 1873 г. Ліда была адзіным, акрамя Вільні, горадам у Віленскай губерні, дзе працавала тэлеграфная станцыя, прымаліся і адпраўляліся краёвыя і замежныя тэлеграмы. З Вільні да Ліды, згодна з тарыфам, за тэлеграму ў 20 слоў бралі 50 капеек. Потым лідскі тэлеграф пераехаў у другі дом па вуліцы Віленскай, пра які я раскажу ў адным з наступных артыкулаў.

Ішлі ў судова-міравую акругу і ў шынок Мейлаха Пупко

У гэтым жа будынку знаходзіліся Лiдская судова-мiравая акруга і канцылярыя з’езда мiравых суддзяў, дзе з 12 сакавiка 1898 г., пасля заканчэння Лідскага гарадскога вучылішча, на пасадзе памочнiка сакратара пачынаў свой шлях у жыццё і Міхал Шымялевіч. Тут жа працаваў шынок Мейлаха Пупко. З канца XIX ст. у гэтым будынку таксама меcцілася павятовая паліцыя, якой з 1906 г. кіраваў лідскі спраўнік Яўген фон Гротэ дэ Буко. Перад Першай сусветнай вайной тут быў і штаб паветраплавальнай роты.

У 1930-я гг. будынак займалі аб’яднанае тэкстыльнае прадпрыемства К. Шаблера і Л. Грохмана, галаўное прадпрыемства ў Лодзі, аддзел у Лідзе і хрысціянская крама абутку Юзафа Ліпінскага, які прадаваў абутак уласнага вырабу: жаночы і мужчынскі, у вялікім выбары і па даступнай цане.

Усе вышэйапісаныя будынкі згарэлі ў 1941 г. і засталіся толькі на старых паштоўках.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться