Па старонках нашай гісторыі. Насупраць сённяшняй Савецкай, 16 (фота)

22 Сентября 2016 2566

І нібы Сонечка глядзіць праз гады…

Насупраць сучаснага магазіна «Віцязь» старых будынкаў няма. Раней тут стаяў двухпавярховы дом братоў Стукатараў (Віленская, 63), ён добра бачны на старой паштоўцы (злева). У доме, акрамя кватэр, размяшчаліся аптэка і кабінет дантыста.

Тут жа здымала кватэру сям’я Іосіфа Далінскага. Нехта з братоў Стукатараў меў адзіную дачку Сонечку, пра якую Далінскі пісаў: «Жыла ў нас у двары, у кватэры на другім паверсе, дзяўчынка, вельмі своеасаблівая, але, як мне здавалася, няшчасная. Яна была вельмі добрая: трохі круглаваты твар з чырванню і цёмнымі вачыма. У яе была цудоўная, добрая ўсмешка з ямачкамі на шчоках, твар разумны і кемлівы. Няшчасце яе было бачна ўсім... Абедзве яе ножкі былі ў нейкіх спружынах, і яна вельмі дрэнна, з дапамогай дзвюх палак, перасоўвалася на іх, дакладней з цяжкасцю клыпала. Імя яе і прозвішча я запомніў на ўсё жыццё: Сонечка Стукатар. Яна была дачкой заможных бацькоў. Унізе, на вуліцы, была ў іх аптэка, і яшчэ адна дзесьці на ўскрайку горада. Яны мелі яшчэ зубалячэбны кабінет. І бацька, і маці Сонечкі не толькі лячылі зубы, але і рабілі для кліентаў зубныя пратэзы. Вырабляў гэтыя ўстаўныя сківіцы малады чалавек, які працаваў у іх. Гэта быў добры, ціхі юнак, які, хутка і спрытна працуючы, любіў са мной пагаварыць. Я дзівіўся, як ён спакойна робіць гэтыя мёртвыя, страшныя зубы.

Дык вось, з гэтай Сонечкай мы часта гулялі ў двары. Яна заўсёды мяне клікала гуляць, а я не мог адмовіцца. Справа ў тым, што хваробу яе звязвалі са мной. Калі я захварэў шкарлятынай, каб Сонечка ня заразілася, яе адвезлі ў вёску да бабулі. Там яе выкупалі і, разгарачаную, босую, выпусцілі бегаць па сырой траве. І яна застудзіла ножкі. Спачатку яе лячылі нашы лекары. Але паколькі лячэнне не дапамагала, маці адвезла дзяўчынку за мяжу. Лячылі і там доўга, некалькі гадоў. Але яна так і засталася калекай. Глядзець мне на яе было балюча: прыгожая, усмешлівая, разумная, жывая, ні ў чым не мае патрэбы, але «без ног». Перасоўвалася яна, абапіраючыся на дзве палкі, пакутліва і не любіла, каб у гэты час на яе глядзелі. А тут яшчэ атрымлівалася, што я вінаваты ў яе хваробе. Сонечку кожную раніцу вазілі ў гімназію на дрожках. ... Што сталася з Сонечкай, калі яна стала дарослай? І ці дапамаглі грошы яе бацькоў, якія яны сваёй працай нажывалі, зрабіць яе шчаслівай?!»

01

Паштоўка 1917 г., справа – дом па вул. Віленскай, 58 (зараз Савецкая, 16 (магазін “Віцязь”)), злева дом Стукатараў, Віленская, 63.

Развітваючыся з домам Стукатараў, дзе жыў будучы прафесар Далінскі, не магу не прывесці яго словы пра вуліцы нашага горада. Вуліцы «не былі яшчэ асфальтаваныя ў той час, але камяні былі не вельмі вялікімі, і таму пралёткі і вазы, якія па іх бегалі, не выдавалі вялікага шуму; чуваць было цоканне капытоў, што надавала гораду нейкую музычнасць». Далінскі пакінуў наш горад у 1915 г. і больш ні разу тут не быў, але праз 70 гадоў з захапленнем пісаў пра Ліду пачатку ХХ ст.: «Гарадок наогул быў чысты: я не памятаю ў ім бруду, п'яных, якія валіліся б, нейкіх неахайных куч і лужын, дрэнных пахаў. І вуліцы, і дамы, і людзі, і зеляніна (а яе было шмат) – усё, усё было ахайным. Не памятаю брудных двароў, якіх і цяпер шмат нават у Маскве. У Лідзе проста не было двара без зеляніны: траўка, агрэст, чорныя і чырвоныя ягады, дрэвы пладовыя – адкуль жа возьмецца ў горадзе бруд? Рэдка ўспамінаю бяздомных сабак, якіх хлопцы асабліва памятаюць. Іх было, мабыць, так мала, што я іх не запомніў. Запомнілася чысціня. Чысценькі, светлы гарадок, які стаяў на рацэ Лідзейцы, пры мне ўжо дробнай, амаль высахлай».

Школьны двор. А хто жыў у ім?

У глыбіні квартала, за домам Стукатараў, знаходзіўся Школьны двор. Так звалася месца, дзе стаялі лідскія сінагога і іешыва. Школьны двор з поўдня выходзіў на Рыначную плошчу – з дакументаў бачна, што прыбіраў рынак і Школьны двор адзін дворнік.

З дакументаў таксама бачна, што Школьны двор існаваў у Лідзе як мінімум з XVII ст. З інвентара Лідскага староства 1745 г. бачна, што тут жылі Ізраэль Лейбовіч і Мэгер Хаімавіч – магчыма, рабін і настаўнік. У 1775 г. тут жылі: лідскі рабін Янкель Ясялевіч, удава яўрэйскага суддзі і яшчэ 5 чалавек – верагодна, настаўнікі яўрэйскай школы і служкі сінагогі. Цікава, што сінагога не плаціла ніякіх падаткаў, рабін жа плаціў 3 злотых у год падымнага падатку. Усе астатнія тутэйшыя жыхары таксама плацілі па 3 злотых у год. Школьны двор ёсць на карце горада канца XVIII ст. У 1843 г. пажар, які распачаўся з яўрэйскай лазні, знішчыў увесь Школьны двор, частку дамоў Рыначнай плошчы і ўсю вуліцу Віленскую. Пажар 1891 г. зноў знішчыў Школьны двор з амаль што ўсім горадам.

У неамаўрытанскім стылі

Новая мураваная лідская сінагога была пабудавана тут у 1896 г. у неамаўрытанскім стылі. Адным з першых будынкаў у гэтым стылі ў Беларусі быў будынак гарадской яўрэйскай бальніцы ў Мінску, узведзены ў 1828 г. Сёння ў гэтым значна перабудаваным будынку знаходзіцца адзін з карпусоў 3-й гарадской бальніцы (ён перабудаваны і страціў прыкметы гэтага свайго стылю). Сінагогі ў маўрытанскім стылі былі пабудаваны таксама ў Магілёве і іншых месцах Беларусі. Лідская сінагога згарэла ў 1941 г., у 1942 г. была ўзарвана і разабрана на цэглу. Адным радком трэба заўважыць, што неамаўрытанскі стыль знаходзіўся ў рэчышчы эклектыкі ХІХ – пачатку ХХ ст., з’явіўся на хвалі пошукаў ідэнтычнасці і, канешне ж, не быў аўтэнтычнай маўрытанікай, якая будавалася ў Сярэднявеччы.

03

Лідская сінагога.

Далей на поўнач па вуліцы Віленскай, за домам Стукатараў, на рагу з сучаснай вуліцай Кірава, знаходзіўся гатэль «Варшаўскі». Трэба заўважыць, што першасная назва вуліцы Кірава – Школьная – паходзіць якраз ад Школьнага двара. Сімвалічна, што зараз у пачатку і пры канцы гэтай вуліцы знаходзяцца Лідскі каледж і СШ №1. Можа, пара вярнуцца да аўтэнтычнай назвы вуліцы?

А для аднаго ліхтара – 25 пудоў газы

І пакуль мы яшчэ знаходзімся недалёка ад цэнтра горада, думаю, трэба расказаць, як была ў той час арганізавана справа асвятлення вуліц.

Ужо ў 1832 г. Ліду па начах асвятлялі 16 ліхтароў, што каштавала гораду 20 срэбных рублёў. Дадатковую пастанову пра паляпшэнне вулічнага асвятлення ў Лідзе гарадскія ўлады прынялі ў 1896 г. На ўтрыманне вуліц, плошчаў, маставых, тратуараў грамадскіх паркаў і асвятленне горада ў 1897 г. прызначалася сума ў 300 руб. Дадаткова на ўтрыманне і рамонт слупоў і ліхтароў выдзялялася 200 руб.

У 1903 г. было ўстаноўлена 10 новых ліхтароў, столькі ж у 1904 г. Таму ў 1904 г. горад асвятляла ўжо 60 ліхтароў.Вынікам далейшага ўдасканалення ліхтароў на газе стаў газава-напальны ліхтар. Ён уяўляў сабой доўгі цыліндр, які ўнізе заканчваўся шкляным каўпаком з рэфлектарам. Рэзервуар для газы быў у верхняй частцы ліхтара. Адсюль гаручае па трубцы сцякала ўніз, у выпарнік. Пары газы выходзілі струменем з фарсункі і, змяшаўшыся з паветрам, згаралі ўнутры напальнай сеткі. Пры гэтым сетка распальвалася і давала моцнае святло.

З 1908 г. пастановай збору гарадскіх упаўнаважаных для асвятлення горада ўводзяцца менавіта гэтыя, газава-напальныя, ліхтары. Ужо ў 1911 г. горад асвятлялі 18 напальных ліхтароў. На адзін ліхтар горад аплачваў 25 пудоў газы ў год па 1 руб. 60 кап. за пуд на суму ў 40 руб. – 720 руб. на 18 ліхтароў. Ліхтаршчыку-манцёру, які абслугоўваў абсталяванне, выплачваўся добры гадавы заробак у 300 руб. Закупка напальных сетак і спірту для распальвання ліхтароў, а таксама само распальванне ліхтароў кожны вечар абыходзілася ў 1000 руб. штогод.

02

Рэклама напальных ліхтароў фірмы “Люкс”, якія свяцілі ў нашым горадзе.

Абыходжанне з напальным ліхтаром патрабавала добрага спрыту. Перш чым запаліць яго, трэба было разагрэць выпарнік. Для гэтага ў спецыяльны кубак, які знаходзіўся каля выпарніка, наліваўся спірт, які потым падпальвалі праз асаблівую адтуліну ў сценцы ліхтара.

Як жа запальвалі ліхтары? Ліхтаршчыкі не лазілі на слупы, бо ліхтар падвешваўся на металічным кранштэйне, які ўстанаўліваўся на верхавіне высокага драўлянага слупа. Кожны вечар ліхтар спускалі ўніз на тросе пры дапамозе лябёдкі, ён запраўляўся газай, праціралася шкло, а потым ліхтар распальвалі і ўздымалі. У кожнага ліхтаршчыка былі ключ ад лябёдкі і каляска для перавозкі ёмістасці з газай. Ліхтаршчыкі кожны вечар, у любое надвор'е, у прапахлай газай вопратцы кацілі свае каляскі ад слупа да слупа. Запаліць і пагасіць ліхтары трэба было ў строга вызначаны час. Гэтыя ліхтары добра бачны на некаторых старых здымках горада.

У 1912 г. дадаткова да існуючых планавалася ўстанавіць «8 новых звычайных газавых ліхтароў на слупах на кранштэйнах». У той жа год лідскі спраўнік Яўген фон Гротэ дэ Буко закупіў для горада яшчэ 17 самых сучасных на той час напальных ліхтароў рыжскай фірмы «Люкс». А ў наступным годзе ў Лідзе ўстанаўліваецца яшчэ 8 новых ліхтароў.

І толькі са з’яўленнем у 1916 г. Лідскай электрастанцыі, паступова, асвятленне горада стала электрычным.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться