У Лідзе распачалася музейна-адукацыйная праграма «У школу да Цёткі»

17 Января 2017 2277

На календары студзень, а ў літаратурным аддзеле гістарычна-мастацкага музея (доміку Таўлая) распачаўся навучальны год. Толькі пачакайце здзіўляцца часу і месцу, бо ёсць яшчэ адзін цікавы факт: урокі ў школе будзе весці Цётка, або вядомая нам Алаіза Пашкевіч.

Скажаце: “Нейкі абсурд?” А вось і не – усяго толькі вобразнае прадстаўленне ўнікальнай у сваім родзе музейна-адукацыйнай праграмы “У школу да Цёткі”.

Такая назва выбрана невыпадкова. Алаіза Пашкевіч родам з Лідскага павета (цяпер гэта Шчучынскі раён). Але куды больш важны іншы факт: беларуская паэтэса, публіцыст і грамадскі дзеяч арганізавала ў Лідзе ў 1915 годзе першую легальную беларускую школу.

– Ідэя арганізаваць такую праграму ўзнікла 15 ліпеня мінулага года падчас падрыхтоўкі да адкрыцця выставы “Жыве мая ліра нанова!”, прымеркаванай да 140-годдзя з дня нараджэння Цёткі, – расказвае куратар адукацыйнай праграмы, супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. – Алаіза Пашкевіч пакінула нам вялікую літаратурную, а таксама педагагічную спадчыну. З пашанай да яе мы ўзялі на сябе смеласць працягнуць гэтую традыцыю і ў наш час.

67

Музейна-адукацыйная праграма “У школу да Цёткі” разлічана на ўвесь год і ўяўляе сабой асобныя заняткі на асобныя тэмы, прысвечаныя беларускай мове, літаратуры, традыцыям, нацыянальным каштоўнасцям, гісторыі краю і іншаму.

1

Першы такі занятак прайшоў ужо на мінулым тыдні і тычыўся гісторыі першай беларускай школы на Лідчыне. На ім прысутнічалі вучні 6-га класа СШ №11, іх настаўнікі, а таксама прадстаўнікі культурных устаноў горада і раёна, гісторыкі, паэты і артысты. Музейна-адукацыйная праграма разлічана ўсё ж такі на дзяцей, і каб ім было не сумна, але каб у той жа час занятак быў пазнавальным, урок быў пабудаваны ў выглядзе віктарыны. Акрамя пытанняў-адказаў ён уключаў аўдыёзапісы, відэафільмы, музычна-паэтычныя адступленні.

4

*** “У школу да Цёткі” – адна з праграм, якая прадугледжана маштабным раённым культурна-асветніцкім праектам “Беларусь – мая мова і песня”. Як расказала галоўны спецыяліст сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Марыя Дукі, праект разлічаны на 2017 год, на рознаўзроставую аўдыторыю і накіраваны на захаванне, вывучэнне і папулярызацыю беларускай мовы і традыцыйнай культуры. “Праект “Беларусь – мая мова і песня” – гэта сем асобных праграм, якія падрыхтаваны падведамнымі нашаму аддзелу ўстановамі культуры, – удакладніла Марыя Чаславаўна. – Акрамя музея, у 2017 годзе свае напрацоўкі жыхарам рэгіёна прадэманструюць музычныя школы мастацтваў, раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, Палац культуры горада Ліды, Бярозаўскі гарадскі Дом культуры, раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, а таксама эстрадны аркестр”.

2

За анонсамі мерапрыемстваў, якія пройдуць пад эгідай раённага культурна-асветніцкага праекта “Беларусь – мая мова і песня”, а таксамі за рэпартажамі з іх сачыце на старонках “Лідскай газеты”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться