У Лідзе вызначылі канчатковы варыянт помніка Гедыміну. Але інтрыга, які менавіта, раскрыецца толькі на наступным тыдні

10 Февраля 2018 3557

У Лідзе вызначылі канчатковы варыянт помніка Гедыміну. Але інтрыга, які менавіта, раскрыецца толькі на наступным тыдні. А пакуль “Лідская газета” прыадкрые завесу і раскажа, як адбываўся выбар пераможцы.

Не адну гадзіну прадстаўнікі Міністэрства культуры, рэспубліканскага і абласнога мастацкіх экспертных саветаў па манументальным мастацтве, прафесійныя скульптары, архітэктары, гісторыкі Беларусі, а таксама кіраўніцтва рэгіёна правялі ў абмеркаванні прадстаўленых на конкурс работ. А іх, дарэчы, налічвалася 28: з Ліды, Гродна, Мінска, Віцебска.

– Першапачаткова заявак на прыняцце ўдзелу ў такім дастаткова сур’ёзным творчым іспыце было 42, – распавяла  загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Марыя Дукі. – Але ў многіх бачанне помніка Гедыміну так і засталося або ў асабістых задумках, або толькі на паперы. Ажыццёўлена ў выніку было 28 эскізаў, усе яны сёння сабраны ў выставачнай галерэі ў Лідскім замку.

Імёны аўтараў работ засакрэчаныя, усе “Гедыміны” ананімныя, маюць выключна нумары. Таму выбар лепшага быў пазбаўлены ўсялякай прадузятасці і асабістых сімпатый да таго ці іншага майстра.

– Скульптура без гарадскога асяроддзя існаваць не можа, таму мы выходзілі на месца, каб візуальна «прымерыць» помнік да той прасторы, дзе ён будзе ўстаноўлены (нагадаем, гэта скрыжаванне вуліц Грунвальдскай і Замкавай (былых Энгельса і Камсамольскай). – Заўв. “ЛГ”), – расказаў, на што менавіта звярталі ўвагу эксперты, скульптар, член Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Панцялееў. – З аднаго боку – гэта Лідскі замак, з другога – гарадская архітэктура. І тут важна выканаць баланс, знайсці кампраміс, каб манумент арганічна глядзеўся і на фоне мінулага, і на фоне сучаснага. Таму вельмі важна пластычнае рашэнне помніка.

Важнасць асяроддзя ў размове з журналістам “Лідскай газеты” падкрэсліваў і дацэнт кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Фінскі. “Месца ўжо само па сабе вельмі манументальнае, таму важна выканаць яшчэ і правільныя прапорцыі помніка, патрэбную дэталёвасць, каб ён з аднаго боку не губляўся ў гэтай прасторы, з другога – не выбіваўся з яе. Задача няпростая, сярод прафесіяналаў нават існуе такое правіла: калі скульптура ўвайшла ў прапанаванае асяроддзе, то гэта ўжо 50% поспеху. І ў некаторых работ такая фора была першапачаткова”, – адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.

3

Акрамя ўсяго вышэйпералічанага, помнік Гедыміну, зразумела, абавязкова павінен быў адпавядаць патрабаванням і XIV стагоддзя. За гэта адказвалі гісторыкі. “Адзенне самога князя, сімвалы яго праўлення, конскія даспехі, аброці – на ўсё гэта звярталася ўвага, – пракаментаваў старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, кандыдат геаграфічных навук Валерый Сліўкін. – Але гэта не ўсё. Гедымін не толькі ўладальнік дзяржавы, але і будаўнік нашага горада, Лідскага замка. Гэты момант таксама трэба было адлюстраваць у скульптуры. Яшчэ адна абавязковая ўмова – антывандальнасць помніка”.

Які з прадстаўленых 28 эскізаў адпавядае ў выніку ўсім прад'яўленым экспертамі патрабаванням, акрамя журы не ведае ніхто, у тым ліку і журналіст «Лідскай газеты». Адзінае, што вядома дакладна: выбіраць было з чаго, таму пераможца годны. «Праекты вельмі цікавыя. Наогул, сёння ў вобласці ўстанаўліваюцца розныя памятныя знакі, у тым ліку і гістарычнага напрамку. Напрыклад, у Навагрудку адраджаецца Старая брама, у Свіслачы была пастаўлена старажытная стэла, якая існавала ў XIX стагоддзі. Але лідскі праект, не ў крыўду іншым, самы значны. Застаецца толькі падзякаваць старшыні райвыканкама за яго смелае рашэнне ажыццявіць такі складаны праект, ушанаваць памяць такой гістарычнай асобы, як князь Гедымін”, – адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога мастацкага экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, мастацтвазнаўца Марына Загідуліна.

гедимин

А што далей? А далей распачнецца не менш працяглая і карпатлівая працэдура. Эскіз-пераможца яшчэ раз будзе разгле-джаны на пасяджэнні Гродзенскага абласнога савета па манументальным мастацтве. Магчыма, яго экспертамі будуць выказаны ўдакладненні, парады, што аўтар павінен дапрацаваць. Затым будзе праводзіцца яшчэ немалая “закулісная” праца: заключацца патрэбныя дамовы, створыцца скульптура ў поўны рост і многае іншае. Зрэшты, абывацелю гэта не важна. А вось што сапраўды можа зацікавіць, дык гэта магчымасць уласнымі вачыма ўбачыць усіх 28 прадстаўленых на конкурс Гедымінаў! Праўда, атрымаецца гэта ці не, залежыць выключна ад згоды аўтараў пакінуць на нейкі час свае работы ў галерэі Лідскага замка. З боку мясцовай улады перамовы ў гэтым напрамку правядуцца. Сапраўды цікава было б параўнаць меркаванне журы са сваім асабістым.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться