Залатыя рукі Антаніны Федзюкевіч, або Высокае мастацтва ў вясковым інтэр’еры

10 Ноября 2017 2742

Пра Антаніну Федзюкевіч, а дакладней – пра яе залатыя рукі, параіў нам напісаць яе аднавясковец, найстарэйшы жыхар вёскі Сялец Мікалай Дзікевіч. “Рукі ў жанчыны, у мінулым медработніка, якая шмат год адпрацавала загадчыцай мясцовага ФАПа, сапраўды залатыя, – казаў Мікалай Мікалаевіч. – Пацвердзіць гэта могуць многія нашы вясковыя жыхары, якім Антаніна Міхайлаўна рабіла зусім неадчувальныя ўколы. Але галоўнае – яе рукі валодаюць не менш тонкім майстэрствам прыгожа вышываць”.

Горы падушак, накрытых вышытымі пакрываламі, іконы, прыбраныя зноў жа вышытымі ручнікамі, настольнікі, сурвэткі... У сучаснай вясковай хаце ўсё гэта, на жаль, ужо рэдкасць. Хіба толькі ў хатах пажылых жанчын, якія свята захоўваюць даўнія традыцыі і сваё майстэрства. Адна з такіх і ёсць Антаніна Федзюкевіч.

Праўда, першае, што найбольш уразіла мяне ў яе хаце, – гэта не горы падушак, а... вышытыя карціны. “Раніца ў хваёвым лесе” – мішкі, нібыта жывыя, толькі што сышлі з карціны Шышкіна і Савіцкага. “Лось на лясной паляне” – як быццам тут, побач, за акном, лось п’е ваду з ляснога возера.

– Былі ў мяне “Іван Царэвіч і Шэры Воўк” (падарыла сястры) і “Тройка” (яе аддала дзецям), – расказвае сама гаспадыня і аўтарка твораў высокага мастацтва ў вясковым інтэр’еры Антаніна Федзюкевіч.

IMG 506

Яна вышывае столькі, колькі сябе памятае, – з дзяцінства... “Тата быў краўцом, маміна сястра – таксама краўчыха, мама і шыла, і ткала, сястра вельмі прыгожа вяжа. А вышываць у нас усе ўмелі, – расказвае жанчына. – Праўда, вышывала я да той пары, пакуль не паступіла вучыцца. А потым прыехала на працу, выйшла замуж – за хатнімі клопатамі, працай часу неставала. Толькі калі выйшла на пенсію (вось ужо 22 гады), зноў узялася за любімую справу”.

Антаніна Міхайлаўна раскрыла шафу і дастала свой скарб – белыя, вышытыя рознакаляровымі кветкамі настольнікі, сурвэткі, ручнікі. Вачэй было не адарваць! Усё ў іх увабралася: і тонкае майстэрства, і прыгажосць навакольнай прыроды, і любоў да яе, і запаветныя ноткі мелодыі жаночага жыцця... Увабралася і склалася ва ўзоры і кампазіцыі.

“За вышыўкай я адпачываю і гатова займацца любімай справай колькі душа жадае”, – прызнаецца жанчына. А дзеля пацвярджэння сказанага дастае вялікія каробкі нітак самых розных колераў і адценняў... “Вось яшчэ колькі мне вышываць і вышываць”, – не хаваючы радасці, кажа яна.

Дарэчы, у Антаніны Міхайлаўны трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і адна праўнучка. Творчыя здольнасці ад маці перадаліся дачцэ, якая працавала ў СШ №10 настаўніцай працоўнага навучання, а таксама ўнучцы, якая добра малюе. Залатыя рукі і ў нявесткі, якая шые цацкі і вышывае стужкай. Ці не бабуліны скарбы натхняюць нашчадкаў?!

IMG 511

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться