Сын сваёй зямлі. 75-гадовы юбілей на гэтым тыдні адзначыў Віктар Іванавіч Кудла

20 Октября 2016 2121

75-гадовы юбілей на гэтым тыдні адзначыў Віктар Іванавіч Кудла. Чалавек, які ўсё жыццё аддаў роднай зямлі, напэўна, не патрабуе прадстаўлення. Былы дырэктар эксперыментальнай базы “Ніва”, фермер, краязнаўца, мастак...

Дарогі жыцця

– З маім нараджэннем звязана цікавая гісторыя: я, можна сказаць, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, – расказвае з усмешкай на твары Віктар Іванавіч. – У маі 1941-га бацька быў прызваны на ваенныя зборы пад Гродна. Мама, якая была цяжарная мною, і яшчэ адна вясковая жанчына 20 чэрвеня вырашылі наведаць сваіх мужыкоў. Дабраліся да самой часці, якая стаяла за Нёманам, сустрэліся. Першыя словы бацькі былі: “Што ж вы прыехалі?! Вайна будзе! Едзьце дамоў хутчэй”. І жанчыны вярталіся. Начавалі ў Гродне, дзе а чацвёртай гадзіне раніцы сустрэлі вайну. Яны беглі ў напрамку Ліды. Неба паласавалі самалёты, паўсюль – выбухі, пажары... Як толькі ляцеў самалёт, хаваліся ў канаву або хмызнякі. Калі ўсё сціхала, гукалі адна адну: “Верка, ты жывая?” – “Жывая”. І беглі далей... Праз чатыры месяцы пасля тых падзей нарадзіўся я. Дарэчы, і тут таксама цікава склалася: маці гасцявала ў бабулі Еўкі на хутары Праважа і вярталася дахаты. Нарадзіла мяне ў паўкошыку (вазку), лічы, на самым нашым падворку... Часта яна мне потым казала: “Нарадзіла я цябе ў дарозе, вось і ты ўсё жыццё кудысьці едзеш і едзеш”. Так і ёсць: у сталым узросце я аб’ехаў шмат краін.

Крейсер  Комсомолец у стенки Купеческой гавани ТаллиннскойВМБДарог у жыцці Віктара Кудлы сапраўды было шмат. Першая і вялікая пачыналася па... моры, падчас службы ў флоце. Чатыры гады ён праслужыў на крэйсеры “Камсамолец” Талінскай ваенна-марской базы.

На караблі служыў вежавым артэлектрыкам і старшынёй рэйдавага камандзірскага катэра, апошні год быў сакратаром камітэта камсамола. Крэйсер курсіраваў у Балтыйскім моры, нейтральных водах, удзельнічаў у вучэннях краін Варшаўскай дамовы. Дарэчы, менавіта падчас гэтых вучэнняў у акваторыі Шчэцінскага заліва ў складаных штармавых умовах Віктару Кудлу давялося праявіць свае здольнасці і мужнасць, за што атрымаў медаль з рук старшыні Савета Міністраў СССР Аляксея Касыгіна. Віктару Іванавічу выпала сустрэцца з касманаўтам Германам Цітовым. “На караблі, з выпадку 20-годдзя вызвалення Эстоніі, прымалі гасцей, сярод якіх быў і Г. Цітоў, – расказвае Віктар Іванавіч. – Раніцай другога дня гасцей катэрам дастаўлялі на востраў Саарэма. На пірсе ўжо стаялі дзяўчаты з кветкамі. А ў мяне на катэры быў сам Цітоў. Я прапанаваў яму: “Герман Сцяпанавіч, зайдзіце ў рубку.” Ён падышоў да штурвала (на касмічным караблі штурвалаў жа няма) і, спытаўшы дазволу, крутнуў да канца ўлева, а потым да канца ўправа. Зрабіў на хвалях “крутое піке”. Уляцела мне потым ад начальства, але адгаворка была: гэта ж сам Цітоў!”

Дэвіз гаспадаркі – «Уперад!»

Па заканчэнні службы ў флоце Віктар Кудла атрымаў прапанову – застацца ў Таліне. Але гэты варыянт ён не разглядаў – імкнуўся дахаты. Ды і абставіны так складваліся: старэйшы брат паехаў па камсамольскай пуцёўцы ў Краснаярск, дзе і застаўся, малодшыя былі яшчэ малыя, бацькі ніяк не маглі дабудаваць хату. І Віктар Іванавіч вярнуўся дамоў. Да арміі ён ужо скончыў сельгастэхнікум і атрымаў спецыяльнасць заатэхніка. Пра гэта ў мясцовым калгасе даведаліся, і ледзь толькі ўчарашні марак (дарэчы, старшы лейтэнант ВМФ) пераступіў парог хаты, як прыехаў старшыня калгаса.

За працу заатэхнікам Віктар Кудла ўзяўся з ахвотай. Ужо праз год яго перавялі намеснікам старшыні калгаса імя Вярхоўнага Савета БССР у в. Мыто. Потым накіравалі вучыцца. Пасля заканчэння Гродзенскага сельгасінстытута назначылі галоўным заатэхнікам у калгас “Дворышча”. Трэба сказаць, калгасы “Дворышча” і “Савецкі” (у суседніх Крыніцах) былі самымі адстаючымі. І раённае кіраўніцтва зрабіла стаўку менавіта на маладога спецыяліста з “Дворышча”, прапанаваўшы яму ўзначаліць “Савецкі”. На прапановы Віктар Кудла доўга адказваў адмовай.

– Ішоў 1973 год... Было свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, у госці прыехаў брат, – успамінае Віктар Іванавіч. – І тут раздаецца тэлефонны званок – першы сакратар райкама партыі віншуе са святам і пытае: “А можна я прыеду?” Праз паўгадзіны белая “Волга” раённага начальніка заязджае ў двор. Пагаварылі... “Мы рэкамендуем Віктара старшынёй “Савецкага”, а ён усё адмаўляецца”, – адзначыў сакратар, на што брат адказаў: “Гэта яго справа”. А жонка міжволі: “Можа, ты годзік папрацуеш, пайдзі ўжо, надта просяць...” І гэтым як адрэзала мне шлях назад.

– На той час была газета “Уперад” (зараз – “Лідская газета”), і “Уперад” стала дэвізам маёй гаспадаркі, – расказвае Віктар Кудла. – Першае, з чаго мы пачалі, – гэта будаўніцтва. Пабудавалі дзіцячы сад, кацельню, жывёлагадоўчы комплекс, бульбасховішча, бульбасартавальны пункт. Вырашылі зрабіць упор менавіта на вырошчванні бульбы. На базе гаспадаркі стварылі эксперыментальную базу “Савецкую”, адну з лепшых гаспадарак у раёне.

Директор--архитекторf

На ўзроўні міністэрства на Лідчыне было вырашана зрабіць яшчэ адну эксперыментальную базу. Лепшага варыянту, чым суседняе з “Савецкай” “Дворышча”, не было. Таму і вырашылі далучыць саўгас да “Савецкай”, а ўзначаліць узбуйненую гаспадарку – Віктару Кудлу. Шмат сіл і старанняў прыйшлося прыкласці маладому кіраўніку самай вялікай на той час гаспадаркі ў раёне, каб згуртаваць новы калектыў, умацаваць дысцыпліну, накіраваць спецыялістаў на рашэнне перспектыўных задач. У першую чаргу вырашаліся пытанні ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, будаўніцтва, рэканструкцыі жывёлагадоўчых ферм з поўнай механізацыяй працэсаў, стварэннем бытавых умоў (душавых, лазняў) для жывёлаводаў, што і было зроблена на МТФ “Мігуны”, “Гурыны”, “Гімбуты”. Свінагадоўчая ферма “Мергінцы” пасля рэканструкцыі была прызнана лепшым у вобласці міні-комплексам замкнёнага цыклу. За гэтыя гады ў новай аб’яднанай гаспадарцы, якая атрымала назву “Ніва”, былі пабудаваны аграхімцэнтр, збожжасховішча вежавага тыпу са збожжасушылкамі, сенасховішча і бульбасховішча, склады для будматэрыялаў, новыя гаражы. Добраўпарадкаваны ўсе палявыя і пасялковыя дарогі. Шмат было зроблена па сацыяльна-культурным развіцці Дворышча: пабудаваны адміністрацыйны будынак, сярэдняя школа, ФАП, быткамбінат, дамы на вул. Цэнтральнай і Зорнай.

Набытак таленавітага кіраўніка – не менш таленавітыя вучні. З “ніваўскай школы” выйшлі вядомыя сёння на Лідчыне спецыялісты і кіраўнікі: Уладзіслаў Лабецкі, Віктар Юхно, Станіслаў Грышкевіч, Іван Жынко, Васіль Алясюк, Станіслаў Мікутайціс і іншыя.

Юхно-Лабецки-Кудло

Нам засталася спадчына

Дворышча – цікавае гістарычнае месца. Віктар Кудла, чалавек ад зямлі, не мог застацца раўнадушным да той спадчыны, што засталася тут. Але глядзеў на яе не толькі сэрцам, як улюбёны ва ўсё роднае чалавек, але і як гаспадар. З яго падачы ў гаспадарцы вырашылі аднавіць у Дворышчы ансамбль панскага фальварка. Падкрэслю: гэта было ў пачатку 80-х, калі пра аграэкатурызм ніхто нават не вёў і размовы.

У Дворышча былі запрошаны архітэктары, якія распрацавалі праект сядзібна-этнаграфічнага комплексу. Пачыналася ўсё з дарогі, дзе знарок быў пакінуты брук. Злева ад яе адкрываўся былы крухмальны завод, справа – карчма. Далей – возера, млын... “Млын быў поўнасцю рэканструяваны. Дарэчы, калі пачалі абкопваць яго, дакапаліся да асновы. Аказваецца, стаіць фундамент млына на сваях. Больш за сто гадоў сваі стаяць, а нібыта ўчора пастаўлены. На першым паверсе была зроблена зала ўрачыстых грамадзянскіх абрадаў, на другім у адпаведным інтэр’еры пардугледжаны пакоі нявесты, жаніха, сватоў, мельніка. На трэцім – банкетная зала, там жа кухня (яна павінна была працаваць на ўласных прадуктах гаспадаркі). На кожным паверсе ўладкаваны каміны, працаваў грузавы ліфт. У рэстаўраванай чатырохпавярховай вежы быў створаны гістарычна-этнаграфічны музей “Зямля і людзі”. Першы паверх – экспазіцыя каменнага веку. Тут жа адлюстраваны перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі: сярод экспанатаў – шынель мясцовага жыхара Іосіфа Бічаля, які бачыў самога Леніна. Паднімаемся на другі паверх – “Вялікая Айчынная вайна”. Трэці – “Першыя калгасы”. Чацвёрты – “Эксперыментальная база “Ніва”. Дах – аглядная пляцоўка, з якой адкрываліся краявіды Дворышча”.

IMG 5834

Дарэчы, са стварэння гэтага комплексу пачыналася і конна-спартыўная школа, былі закуплены спартыўныя коні. Тады ж на забалочаных і запушчаных нізінах былі выкапаны сажалкі. Старадаўні парк вычышчаны, пасаджаны новы парк уздоўж р. Жыжмы. Па цэнтральнай вуліцы пракладзены ліўнёвая каналізацыя, кабель вулічнага асвятлення. Усё гэта рабілі самі людзі, жыхары Дворышча, падчас суботнікаў, якія арганізоўваліся амаль штотыдзень.

– Мне было вельмі прыемна, калі я бачыў, што дварышчанцы паказваюць гасцям Дворышча, ганарацца зробленым, – расказвае Віктар Кудла. – І вельмі сумна зараз, калі бачу, што ад музея нічога не засталося.

Вечны покліч

Напэўна, перад кожным чалавекам, які аднойчы ў жыцці пакідае працу, паўстае пытанне: а што далей? Так думаў і Віктар Іванавіч. У яго была магчымасць пераехаць у Ліду, але, параіўшыся з сям’ёй, вырашылі застацца ў Дворышчы. Адзін з сыноў скончыў сельгасінстытут, другі – гістарычны факультэт. Трэба сказаць, што абодва сталі дастойным працягам бацькі, увабраўшы ўсе лепшыя рысы і памкненні. У той час толькі пачынаўся фермерскі рух. Праца на зямлі была сугучна поклічу душы былога дырэктара эксперыментальнай базы. І Віктар Іванавіч разам з малодшым сынам Артурам адкрылі фермерскую гаспадарку “Расінка 2002”. Узялі 15 гектараў зямлі (зараз ужо 51), на якіх вырошчваюць бульбу, збожжавыя і агародніну. З цягам часу ў фермерства ўключыўся старэйшы сын Вадзім, а малодшы заняўся іншай справай.

DSC08701

Сам Віктар Кудла ўзначаліў раённую асацыяцыю фермерскіх гаспадарак. Адначасова вядзе нястомную працу па захаванні спадчыны, памяці аб падзеях мінуўшчыны. Сабраў багаты краязнаўчы матэрыял, вядзе перапіску з архівамі, а галоўнае – спяшаецца запісаць успаміны жывых сведкаў. Апошнім часам працуе над успамінамі пра Ганчарскую школу, збірае матэрыял пра родную вёску Дроздава. Вялікую працу Віктар Кудла правёў па адной з самых малавядомых тэм – бежанстве Першай сусветнай вайны. У планах краязнаўцы – прадоўжыць гістарычны экскурс па Дворышчы і накіды пра ваеннае ліхалецце ў родным краі... Мой святы абавязак – зрабіць усё, каб гісторыя засталася ў памяці дзеля нашчадкаў.

Партрэт юбіляра, напэўна, быў бы няпоўным без некалькіх штрыхоў аб яго захапленнях. Адно з іх – гэта карціны: Віктар Кудла малюе з самага дзяцінства, найбольш часта – родныя краявіды. Другое – разьбярства па дрэве. Трэцяе – садаводства: ён вырошчвае і выводзіць розныя гатункі пладовых дрэў, вінаграду, туй і іншых раслін.

Магчыма, многага пра Віктара Іванавіча яшчэ не ўдалося сказаць. Напрыклад, пра высокае прызнанне яго працы, мноства ўзнагарод. Але, напэўна, галоўныя ўзнагароды ў жыцці не тыя, што захоўваюцца ў футлярах і папках, а непадуладныя часу пачуцці павагі і падзякі ад многіх людзей. Тых, хто проста ведаў, жыў, працаваў. Хто сёння, узяўшы ў рукі газету, шчыра радуецца таму, што гэты чалавек быў, ёсць і яшчэ будзе.

DSC08694

Віктар Кудла дома, ля каміна, які склаў сваімі рукамі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться