Ластаўчыны гнёзды
18 Апреля 2024
257
Міхаіл Мікалаевіч родам з Магілёўшчыны. Вырас у вёсцы.
“У адной з гаспадарчых пабудоў на нашым падворку быў сенавал. Гэта будынак з двухскатным дахам, а дзверы ў ім ніколі не зачыняліся. Дык вось, гэтае месца з вольным уваходам-выхадам і аблюбавалі ластаўкі. Высока на сцяне, прама пад дахам, дзве сям’і збудавалі свае гнёзды, – расказвае лідчанін. – На зіму ластаўкі адляцелі ў вырай. А ў гэты час іх часова пустуючыя кватэры агледзелі вераб’і. І… таксама засяліліся ў іх.
Вясна не прымусіла сябе чакаць. Вярнуліся на наш падворак ластаўкі. Гучным крыкам, піскам выказалі яны сваю незадаволенасць, калі ўбачылі, што іх жытло занятае. На вераб’ёў гэта не паўплывала амаль ніяк. Гнёзды, няхай і чужыя, яны не збіраліся пакідаць. Тым больш, у іх ужо гадаваліся птушаняты.
Мы толькі назіралі за гэтымі разборкамі. І што б вы думалі на гэты дзёрзкі захоп зрабілі ластаўкі?.. Яны прыляцелі вялізнай зграяй і заляпілі гнёзды (выхады з іх) разам з вераб’інымі сем’ямі ўнутры. Усе вераб’і: і старыя, і малыя – аказаліся замураванымі.
Магло здарыцца непапраўнае: вераб’і загінулі б. Але мы вырашылі ўмяшацца. Маці прынесла вялікую лесвіцу, залезла ўверх і вызваліла абедзве сям’і вераб’ёў. Тыя вылецелі на волю і больш у чужыя гнёзды не соваліся. А задаволеныя ластаўкі занялі свае кватэры”.
***
Нам здаецца, што ў жывёл і птушак усё проста. Насамрэч яны разумныя істоты. Часам і людзям ёсць чаму павучыцца. У вераб’ёў, напрыклад, – не квапіцца на чужое. А ў ластавак – бараніць сваё гняздо.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.