Брукаванае слова Петруся Граніта

19 Апреля 2024 1058
Сусветны дзень паэзіі ўрачыста адзначылі ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея. На мерапрыемства завіталі аматары і майстры мастацкага слова, члены літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры “Лідскай газеце”. Менавіта да гэтага дня супрацоўнікі дома-музея адкрылі выстаўку “Брукаванае слова”, якую прысвяцілі заходнебеларускаму паэту Петрусю Граніту. Напрыканцы студзеня яму споўнілася б 115 год з дня нараджэння.

Трэба адзначыць, што ў пачатку лютага тут была адкрыта выстава “У дом твой сцежка прывяла сама…”, прысвечаная Валянціну Таўлаю, якому споўнілася 110 год з дня нараджэння. І таму першынства ў святкаванні юбілейных датаў было дадзена паэту, які жыў у гэтым доме. 


Выстава “Брукаванае слова” адразу пачынаецца з парогу дома-музея і знаёміць з жыццём і творчым шляхам Петруся Граніта. Трэба адзначыць, што Пятрусь Граніт – гэта псеўданім зачэпіцкага паэта Івана Івашэвіча. Пару год назад куратару выстаўкі, навуковаму супрацоўніку музея Алесю Хітруну, пашчасціла пабыць у Зачэпічах на свяце беларускай паэзіі, арганізаванага гродзенскімі пісьменнікамі. У той дзень адбылося знаёмства з унучкай І. Івашэвіча Людмілай Аляксандраўнай Яновіч, якая, як вызначылася потым, жыве ў Лідзе, ды прытым непадалёку ад дома-музея. Падчас размовы стала вядома, што ў яе захоўваецца архіў дзеда-паэта. Пазней Людміла Аляксандраўна прынесла ў Дом Валянціна Таўлая папку з каштоўным матэрыялам. У ёй змяшчаліся рукапісы і машынапісы вершаваных твораў, фотаздымкі, дакументы і іншае. Пазней быў атрыманы і прыжыццёвы зборнік вершаў “Сцяжынка” паэта. Безумоўна, каштоўныя матэрыялы маюць месца для захоўвання ў абласных і рэспубліканскіх музеях. А тут – падзея для Дома Таўлая! Гэты матэрыял і стаў асновай у арганізацыі выстаўкі. Як быццам ён чакаў свайго часу. 

Падчас адкрыцця выстаўкі ўдзельнікі даведаліся пра жыццё і творчасць Петруся Граніта. Асобная ўвага была скіравана на яго працоўную дзейнасць, а менавіта на брукаванне дарог. Яна прымусіла яшчэ будучага паэта ўвіхацца дзеля належных сродкаў на пражытак да 1939 года – уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. У беларускай літаратуры такога працавітага паэта, які аж 12 гадоў клаў брук і яшчэ паспяваў пісаць добрыя вершы, больш не было! Доўгія гады ў родных мясцінах яшчэ захоўваліся брукаванкі, пакладзеныя самадзейным паэтам.

Пра выбар гэтай нялёгкай працы літаратуразнаўцу Уладзіміру Калесніку давялося яшчэ пры жыцці пагутарыць з Іванам Івашэвічам. Вось што ён піша: “Працу брукара ён не то што любіць, а ганарыцца ёю: цяжкая праца, не кожны вытрывае. Паспрабуй цэлы летні дзень пад спёкаю молатам каменне трушчыць. Увесь потам сыдзеш, соль на кашулі выступіць, хоць бяры ды страсай саляны пыл на паперу і тою соллю страву падсольвай. Або сядзіш, дарогу мосціш, і роўная, як струна, дарога бяжыць з-пад тваіх каленяў. Хацеў бы ўстаць ды памчацца ў тыя далёкія далі, у невядомыя гарады, да якіх вядзе твая дарога. Хочаш, а не можаш, кленчыш на каленях, глядзіш у сінь-даль ды зайздросціш тым, хто па тваёй дарозе, па бруку, па каменьчыках тых, сагрэтых тваімі далонямі, імчыцца на хуткай машыне. Што там машына! Зайздросціш балаголу, які хоць і зубы сціскае на дрогкім бруку, каб языка не прыкусіць, але ўсё ж едзе, а ты – на месцы. Зайздросціш няшчаснаму пешаходу, які хоць кійком падпіраецца, але дыбае. Любіць pyx дарога, і жыццё любіць pyx. Усякае жывое стварэнне рухаецца, куды яго цягне, а ты мусіш сядзець як прыкаваны. Часам ахвота ісці ў нязведаныя куткі так спакушала і таміла Іванаву душу, што хацелася кінуць гэтую катаржную работу – ды заламіся ты, прынука! Але выхаваная змалку руплівасць, сорам жыць без працы, кпіны з лёгкага хлеба, сялянская цвярозасць – усё гэта трымала яго на адным месцы…”

Вядома, што паэт прымаў удзел у вызваленчым руху, пад уздзеяннем якога ён пачаў пісаць вершы, уключыўшыся ў культурна-асветніцкія справы. У гісторыі беларускай літаратуры захаваўся і той факт, што ў снежні 1933 года Пятрусь Граніт быў запрошаны нават у Вільню на з’езд Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў, якім кіраваў Валянцін Таўлай. У той дзень гэтыя два паэты пазнаёміліся. І сяброўства іх праклалася на доўгі час. Лідчанам, напэўна, вядома і пра тое, як у сакавіку 1940 года прыязджаў у Ліду кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага савета БССР Янка Купала. На той сустрэчы разам з Валянцінам Таўлаем, Нінай Тарас, Анатолем Іверсам, Пятром Глебкам быў і Пятрусь Граніт – старшыня Беліцкага сельсавета. 

Кожны паэт марыць выдаць томік сваіх твораў. У зачэпіцкага паэта таксама быў падрыхтаваны зборнік вершаў “Над хваляй Нёмана”, але ж з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны кніжцы не суджана было выйсці ў свет. Рукапіс загінуў. Але творчасць паэта працягвалася. Падчас вайны ён быў сувязным партызанскай брыгады “Барацьба” і выступаў у партызанскім друку пад псеўданімам Мацей Гвозд.

З прыходам савецкай улады з 1946 па 1950 гады Іван Івашэвіч вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. Потым працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах. Па некаторых звестках вядома, што Зачэпіцкую школу ён будаваў за уласныя грошы. 
Пятрусь Граніт любіў дзяцей. Ім прысвячаў свае вершы. У 1978 годзе быў выдадзены зборнік для дзяцей “Сцяжынка”. Мяркуецца, што першапачатковая назва яго была “Па дарогах жыцця”.

Часта наведваўся паэт і ў рэдакцыю лідскай газеты “Уперад”, у якой друкаваліся яго вершы. У друк выходзілі і творы на абласным узроўні. Некаторыя вершы былі апублікаваны ў зборніках “Сцягі і паходні” (1965 г.), “Ростані волі” (1990 г.).
14 студзеня 1980 года паэта не стала. Пахаваны на вясковых могілках у Зачэпічах.
Але захаваўся дом, у якім жыў паэт. У верасні 2017 года на гэтым будынку з’явілася памятная шыльда. З таго часу родная вуліца Петруся Граніта стала насіць яго імя. У 2018 годзе ў Зачэпічах быў урачыста адкрыты памятны знак – камень у гонар трох паэтаў: Герасіму Праменю (Івану Пышко), Васілю Струменю (Аляксандру Лебедзеву) і Петрусю Граніту (Івану Івашэвічу). 
У Лідзе жывуць і тыя, хто добра памятае Петруся Граніта. Адзін з іх – гэта лідскі паэт Уладзімір Васько. Свой успамін “Згадка пра Івашэвіча” ён змясціў у кнізе “Лясная рапсодыя” (2013 г.), а ў зборніку “Энергія душы” – верш “Гняздо паэтаў” з нагоды адкрыцця знака-каменя траім паэтам у вёсцы Зачэпічы, што на Дзятлаўшчыне.
***
У дзень адкрыцця экспазіцыі гучалі вершы лідскіх паэтаў. Уладзімір Васько і Ірына Марук згадалі пра сустрэчы з Петрусём Гранітам. Праз матэрыял, які прадстаўлены на часовай экспазіцыі, яны змаглі прайсціся дарогай самадзейнага паэта і прасачыць тыя падзеі, праз якія прайшоў беларускі народ у той ужо гістарычны час. 
Назва выставы мае метафарычны змест (камень – пад нагамі, слова – перад чытачом). Тут прадугледжваецца нялёгкая праца самадзейнага паэта, у якой ён паказаў сябе як працаўніка-селяніна, які сваімі мазолістымі рукамі пракладаў брукаваную дарогу. І гэтую брукаванку як быццам ён сцеле паэтычным друкаваным словам. 
Выстава “Брукаванае слова” будзе актуальнай да 80-годдзя з дня вызвалення беларускіх зямель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да 85-годдзя з дня далучэння Заходняй Беларусі да БССР.

Текст: Алесь ХІТРУН,  навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться